Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Юрый Касабуцкі ў Пальмовую нядзелю: будзем старацца, каб наша запрашэнне Хрыста трывала, як запрашэнне добрага госця, караля, Збавіцеля
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
13.04.2014 11:42

13 красавіка, у Пальмовую нядзелю, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі ўзначаліў ранішнюю Імшу ў мінскім архікатэдральным касцёле, якая трансліравалася па радыё. Іерарх асвяціў галінкі вербы, прынесеныя ўдзельнікамі Імшы, і звярнуўся да прысутных з гаміліяй.

“Апісанне Мукі Пана нагадала нам апошнія хвіліны жыцця Хрыста на зямлі, - адзначыў у гаміліі біскуп. - Сёння мы прыходзім у святыні, трымаючы ў руках прыгожыя вербачкі, і ўзгадваем, як Езус увайшоў у Ерузалем. Калі наш Збаўца падыходзіў да брамы горада, людзі, даведаўшыся пра гэта, узялі пальмовыя галінкі, радасна віталі і крычалі: “Гасанна Сыну Давіда!”, называючы Яго месіянскім тытулам і такім чынам падкрэсліваючы, што яны ведаюць пра Яго ўчынкі, вучэнне і з радасцю вітаюць Яго ў Ерузалеме”.

“Такім чынам вітаюць толькі караля, якога сустракаюць пасля доўгага падарожжа, доўгай адсутнасці, - дадаў біскуп. - І Ён увайшоў у гэты горад, ведаючы, што тут будзе прыносіць сябе ў ахвяру за ўсіх людзей. Ужо праз некалькі дзён тыя самыя людзі, якія трымалі ў руках пальмовыя галінкі, вітаючы Езуса, стаялі на пляцы і крычалі: “Укрыжаваць Яго!” Чаму адбываецца такая хуткая змена ў іх? Адказам будзе тое, што было ў чалавечым сэрцы. Напэўна, людзі палюбілі грэх, у іх было шмат дрэнных прыхільнасцяў”.

Па словах іерарха, гэта “вялікі сімвал, бо кожны грэх укрыжоўвае Хрыста, прыбівае Яго цвікамі да дрэва, прычыняючы Яму нязмерны боль”. “Хутка заканчваецца Вялікі пост – час, прызначаны для працы над сабою, - дадаў біскуп. - На працягу гэтых 40 дзён мы стараліся паўстрымоўваць сябе, здабываць цноты, стаць крыху лепшымі. (…) У гэтым сэнс посту і нашай духоўнай падрыхтоўкі да велікодных святаў”.

“Мы ачышчаем такім чынам наша сэрца, каб яно магло прыняць уваскрослага Збаўцу, - падкрэсліў біскуп Юрый Касабуцкі. - Трымаючы ў руках вербы, мы запрашаем Хрыста ў дом свайго сэрца, а калі прынясём іх дадому, то запрашаем Яго быць з намі, удзяляючы нам шчодрае благаслаўленне”.

Іерарх пажадаў вернікам “старацца, каб гэтае запрашэнне Хрыста трывала, як запрашэнне добрага госця, караля, Збавіцеля, каб не было так, што мы запрашаем Яго сёння, а праз некалькі дзён сваімі грахамі укрыжоўваем”.

Анастасія Грышан

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.