16 красавіка каля касцёла мінскай парафіі Найсвяцейшай Тройцы (Святога Роха) прайшоў традыцыйны інсцэніраваны Крыжовы шлях, які падрыхтавала парафіяльная моладзь. У малітве Крыжовага шляху прыняў удзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Звяртаючыся да шматлікіх сабраных напрыканцы набажэнства, іерарх падзякаваў парафіі за ініцыятыву і моладзі за высокі прафесіяналізм і малітоўны настрой, які панаваў надчас Крыжовага шляху.
Арцыпастыр падкрэсліў, што сярод шматлікіх шляхоў новай евангелізацыі вельмі важнае значэнне займае хрысціянскае мастацтва і тэатр. Сучасны чалавек, як адзначыў Мітрапаліт, усё больш прызвычайваецца да вобразаў і нярэдка ўспрымае іх лепш за іншыя спосабы перадачы інфамацыі, і інсцэнізаваны Крыжовы шлях дапамагае вернікам “лепей перажываць атмасферу і дух сцэны збаўлення чалавека”, а таксама “даносіць да сучаснага чалавека вялікасць зла, якім ёсць грэх, калі для выбаўлення з яго сецяў патрэбна была жудасная крыжовая смерць Божага Сына”.
Пасля набажэнства Крыжовага шляху Мітрапаліт узначаліў у касцёле Імшу, якой завяршыліся парафіяльныя рэкалекцыі, якія праводзіў кс. Алег Севасцяновіч - пробашч парафіі ў Міры (Гродзенская дыяцэзія).
Звяртаючыся да вернікаў на пачатку Імшы, арцыбіскуп узгадаў словы чытання Евангелля гэтага дня аб рашэнні Юды здрадзіць Хрысту. Іерарх падкрэсліў, што ў Юду ўвайшоў д’ябал, і той яму паддаўся. Пры гэтым Мітрапаліт узгадаў іншага апостала-здрайцу - святога Пятра, і прапанаваў удзельнікам Імшы пытанне: “Чаму Юда застаецца сімвалам здрады, а Пётр стаў святым?” Гэта, па словах арцыпастыра, тлумачыцца тым, што Юда не шкадаваў за свой грэх і павесіўся, “мы не ведаем пра ягоны лёс — яго ведае толькі Бог”, а ў той жа час Пётр “горка шкадаваў за тое, што ажно тройчы адрокся ад Хрыста, і гэта стала шляхам да яго навяртання”.
“Кожны наш грэх - гэта адрачэнне ад Хрыста. Але не ўсё згублена, - падкрэсліў арцыбіскуп. - Можна і трэба падняцца. Не той моцны, хто не ўпаў, але той, хто, упаўшы, падняўся”.
Мітрапаліт пажадаў вернікам у духу малітвы і пакаяння выкарыстаць апошнія дні Вялікага посту, каб вярнуцца да Бога і з чыстым сэрцам спаткаць Вялікдзень.
Пасля Імшы іерарх павіншаваў вернікаў з надыходячымі святамі Уваскрасення Хрыста і пажадаў ім ласкі Уваскрослага Пана і Яго супакою. (AG)
|