27 красавіка, калі ў Апостальскай Сталіцы былі абвешчаны два новыя
святыя: Ян Павел ІІ і Ян ХХІІІ, у касцёле святога Юды Тадэвуша ў Лучаі
адбыліся Імша і набажэнства ў іх гонар. У гаміліі падчас Імшы пробашч парафіі звярнуў увагу на значэнне постацяў двух новых святых Пантыфікаў у сучасным свеце.
Набажэнства праходзіла ў правай бочнай наве святыні, перад упрыгожаным першымі вясновымі кветкамі абразом Яна Паўла ІІ. Вернікі памаліліся Вяночак да Божай Міласэрнасці, затым мелі магчымасць у малітве паразважаць аб супакоі, цытуючы думкі святога Яна Паўла ІІ: "Супакой даступны тым, хто сярод жыццёвых перажыванняў, у стане прыняць Божае слова і захаваць яго да канца", або словы Яна ХХІІІ: "Нельга хрысціянам забываць, што іх мэтай з'яўляецца не дасканаласць, але збаўленне". Працягам набажэнства стала Літанія да святога Яна Паўла ІІ. На заканчэнне прагучала любімая песня Папы "Barka": "О, Пане, на мяне Ты спаглянуў, з Тваіх вуснаў я пачуў сваё імя..."
З нагоды абвяшчэння новых святых пасля літургіі адбыўся канцэрт беларускага выканаўцы Зміцера Вайцюшкевіча, які выступіў у лучайскай парафіі ўжо ў трэці раз. Музыка выканаў творы на словы У. Караткевіча, Р. Барадуліна, Г. Бураўкіна, А. Русака. У канцэрце прагучалі песні: "Дзе мой край", "Я нарадзіўся тут", "Дачакайся, матуля", гімн "Магутны Божа" і іншыя творы. Развітаўся спявак з прысутнымі песняй-пажаданнем "Бывайце здаровы!". Пасля канцэрту прыхільнікі творчасці Тодара (такі творчы псеўданім мае артыст) мелі магчымасць набыць музычныя дыскі і сфатаграфавацца на памяць.
Наступнае свята - адпустовая ўрачыстасць святога Андрэя Баболі - адбудзецца ў парафіі 17 мая, а ў першы дзень мая Лучай развітаецца з копіяй абраза Маці Божай Будслаўскай, перэгрынацыя якой працягваецца ў парафіі са снежня. Лучай абяцае гасцінна сустрэць усіх жадаючых.
Паводле luchai.by (AG)
|