Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Лошыца 2014»: фестываль-прысвячэнне Яну Паўлу ІІ прайшоў у Мінску
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
29.04.2014 00:55

У мінскай парафіі Маці Божай Ружанцовай у Лошыцы адбыўся VІІІ дзіцяча-моладзевы фестываль мастацкай творчасці «Лошыца 2014». Імпрэза прайшла 27 красавіка, у нядзелю Божай Міласэрнасці і была прысвечана ўрачыстасці далучэння да ліку святых Яна Паўла ІІ.

Напачатку ўрачыстай святой Імшы, якая ў гэты час распачалася таксама ў парафіі Маці Божай Ружанцовай, ксёндз-пробашч Генадзь Кухарэвіч падкрэсліў: «Нашая парафіяльная супольнасць малітоўна далучаецца да беларускіх пілігрымаў, якія на чале з мітрапалітам Мінска-Магілёўскім, арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам, у гэтыя хвіліны знаходзяцца на плошчы святога Пятра. Мы таксама малітоўна далучаемся да Імшы-падзякі за кананізацыю Яна Паўла ІІ, якая неўзабаве распачнецца ў касцёле святой Ганны ў Ватыкане. Супольна памолімся ў інтэнцыі заступніцтва святога Яна Паўла ІІ перад Богам за ўсю нашую парафіяльную супольнасьць, за беларускі і паўсюдны Касцёл, за ўсіх хрысціян свету».

Працягам малітоўнай падзякі за кананізацыю Яна Паўла ІІ — шанавальніка Божай Міласэрнасці — стаў дзіцяча-моладзевы мастацкі фестываль. Ён таксама быў прысвечаны нядзелі Божай Міласэрнасці, культ якой асабліва пашыраны ў парафіі Маці Божай Ружанцовай. У парафіяльным касцёле для штодзённай малітвы выстаўлены абраз Божай Міласэрнасці, перэгрэнацыя якога праходзіла ў парафіях Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. У 15.00 штодня пры Найсвяцейшым сакрамэнце адбываецца малітва да Божай Міласэрнасці. Таксама сёлета ў парафіі паўстала новая малітоўная група да Божай Міласэрнасці. А галоўнае — неўзабаве распачынаецца будаўніцтва Нацыянальнага санктуарыя Божай Міласэрнасці.

Малітоўныя спевы, музычныя творы, вершы беларускіх паэтаў і ўласныя вершы ў выкананні дзяцей і моладзі — сталіся завяршэннем ўрачыстасці на ўшанаванне святога Яна Паўла ІІ і Божай Міласэрнасці ў парафіі Маці Божай Ружанцовай.

Галіна Абакунчык

 

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.