Пятая велікодная нядзеля, 18 мая, з’яўляецца першым днём існавання ў парафіі Св. Міхала Арханёла ў Гатаве мужчынскай ружанцовай ружы.
«Чаму сёння ў нашай капліцы прысутнічае большая колькасць мужчын? — запытаўся на пачатку гаміліі пробашч. — Яны святочна апранутыя, занялі першыя месцы, якія звычайна займаюць дзеці ці жанчыны. 20 мужчын, мужоў і бацькаў (некаторыя не змаглі быць, бо працуюць, але прысутныя духоўна), якія вырашылі, што з сённяшняга дня да канца свайго жыцця будуць штодзённа маліцца па адным дзясятку Ружанца ў інтэнцыі сваіх дзяцей, а потым унукаў. Бо прыклад бацькі для сына з’яўляецца вельмі важным, асабліва для сына.
Усё пачалося ў Вялікі чацвер, калі пробашч абмыў ногі дванаццаці мужчынам. Праз некалькі дзён адзін з мужчын падышоў да пробашча і сказаў:
— Можа б, ксёндз з нас штосьці зрабіў? Але што?
І тады пробашч прыгадаў аднаго святара, які некалькі месяцаў таму напісаў прыгожы ліст, дзе распавядаў пра ініцыятыву «Ружанец бацькоў за дзяцей» — гэта ўласна ён у 2001 годзе разам з іншымі бацькамі даў пачатак першай такой ружы. На сённяшні дзень іх больш за 2100, ці 42000 людзей. Бачачы, колькі духоўных пагроз навісае над іхнімі дзецьмі, яны не жадаюць пакінуць іх без дапамогі. Малітва на ружанцы падобная да шчыта, якім бацькі жадаюць засланіць сваіх дзяцей.
Пасля Святой Камуніі пробашч асвяціў і ўручыў кожнаму ружанец, зроблены сёстрамі кармэліткамі, патлумачыўшы: «Гэтыя ружанцы былі зроблены з зярнят, якія сёстры ўзрасцілі ў сваім агародзе. Зярняты называюцца «слёзы Марыі». Маліцеся пастаянна і з даверам за сваіх дзяцей, каб найлепшая з усіх маці не пралівала слёз над імі».
AYU
|