Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Радашковічах прайшла сустрэча духавенства і кансэкраваных асобаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
21.05.2014 17:05

21 мая ў парафіі Святой Тройцы ў Радашковічах адбылася сустрэча духавенства і кансэкраваных асобаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Сустрэчу і Імшу ў яе межах узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

У гаміліі падчас Імшы, разважаючы над літургічнымі чытаннямі серады V Велікоднага тыдня, іерарх звярнуў увагу, што першае чытанне нагадвае аб праблеме, з якой сутыкнуўся першабытны Касцёл, - праблеме абразання пры прыняцці хрысціянства. Мітрапаліт нагадаў, што, як вядома з гісторыі Збаўлення, Езус быў абрэзаны на 8-ы дзень пасля свайго нараджэння. Таксама былі абрэзаны і апосталы, у знак падпарадкавання закону Майсея.

Мітрапаліт нагадаў таксама, што ў сітуацыі, калі многія патрабавалі, каб усе, хто прымае хрост, перад гэтым былі абрэзаны, Павел выступіў з новай ідэяй адносна абразання. “Ён, можна сказаць, прапанаваў “духоўнае абразанне”, калі любоў і вернасць, якія выходзяць з сэрца чалавека, злучаюць чалавека з Богам. Таму быць ахрышчаным у імя Езуса азначае быць духоўна абрэзаным і злучаным запаветам з Богам, - патлумачыў арцыпастыр. - З тэалогі св. Паўла можна зрабіць выснову, што, каб стаць хрысціянінам, не абавязкова быць падобным да габрэя, гэта азначае не абавязкова быць абрэзаным. З Езусам Хрыстом завяршыўся Стары Запавет і распачаўся Новы, і новыя правілы дзейнічаюць у ім”.

Іерарх заўважыў, што “аб лучнасці з Богам Езус нагадвае ў Евангеллі, калі кажа, што Ён сапраўдная лаза, а мы галінкі”. “Вобраз вінаграднай лазы быў блізкім для габрэяў, бо Святая Зямля пакрыта шматлікімі вінаграднікамі. Яны таксама мелі рэлігійную канатацыю, бо ў Старым Запавеце ёсць шмат адносін да вінаградніка Пана, як Дому Ізраіля. Вінаградная лаза была сімвалам Ізраіля. Калі Езус называе сябе вінаграднай лазой, то Ён ясна дае зразумець, што духоўная спадчына Ізраільскага народу толькі ў Ім, а не ў кроўным наследстве”, - дадаў Мітрапаліт.

“Каб вінаградная лаза была плённай, неабходна абразаць сухія галінкі і тыя, якія не прыносяць плёну, бо яны толькі забіраюць патрэбныя сокі і нічога з сябе не даюць, - адзначыў арцыбіскуп. - Так ёсць і ў прыродзе. Толькі галінка, якая злучана з дрэвам, атрымлівае неабходныя зямныя сокі і можа прынесці плён. Садоўнік кожны год аглядае дрэўцы і сцінае сухія і непладаносныя галінкі”.

“Так і ў духоўным жыцці, - падкрэсліў іерарх, - кожны з нас патрабуе духоўнага соку, якім ёсць Божая ласка. Каб яе атрымаць, неабходна быць злучаным з Хрыстом. Мы можам быць пладаноснымі або бясплоднымі. Хто мы? Гэты адказ павінны даць святары, кансэкраваныя асобы і свецкія”.

Мітрапаліт заклікаў святароў, кансэкраваных асобаў і вернікаў “трываць у Хрысце, каб наша жыццё было плённым”.

Падчас пастырскай сустрэчы Мітрапаліт нагадаў пра кананізацыю Папаў Яна XXIII і Яна Паўла II, што адбылася 27 красавіка ў Апостальскай Сталіцы, і што ў мінскім архікатэдральным касцёле 18 мая адбылася Імша падзякі. Іерарх заахвоціў таксама ва ўсіх парафіях арганізаваць набажэнства падзякі, калі яно яшчэ не было праведзена. “Ян Павел II адрадзіў структуры Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, і мы павінны быць удзячны яму”, - адзначыў арцыпастыр.

Арцыбіскуп паведаміў, што 22 мая ў 18.30 у мінскім архікатэдральным касцёле ўзначаліць Імшу сакратар Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў арцыбіскуп Савіо Хон Тай-Фай SDB, адзін з бліжэйшых супрацоўнікаў Папы, які прыбудзе ў Беларусь на сімпозіум, што пройдзе 24-25 мая ў Смаргоні з нагоды юбілею 25-годдзя служэння салезіянскай супольнасці ў парафіі Святога Міхала Арханёла.

Мітрапаліт нагадаў, што 27-28 мая ў Інстытуце АНБ адбудзецца канферэнцыя “Рэлігія і адукацыя ў свецкіх грамадствах: вопыт, праблемы, перспектывы”, на якую запрошаны прадстаўнікі Каталіцкага Касцёла.

Іерарх паведаміў, што 1 чэрвеня ў Мінску пройдзе працэсія Божага Цела, яе пачатак у 9 гадзін на Залатой горцы. У гэты дзень ва ўсіх мінскіх парафіях да 14 гадзін адмяняюцца Імшы.

З 2 па 5 чэрвеня, як узгадаў арцыбіскуп, у Мінску адбудзецца IV Праваслаўна-Каталіцкі форум “Рэлігійны і культурны плюралізм: выклікі для хрысціянскіх Цэркваў Еўропы”, на які прыбудзе каля 25 каталіцкіх і праваслаўных іерархаў. Штодзённа 3-5 чэрвеня ў 7.15 каталіцкія біскупы будуць цэлебраваць Імшу ў мінскай архікатэдры. 3 чэрвеня ў архікатэдры пасля Імшы ў 18.30 плануецца агульная малітва ўсіх удзельнікаў форума. Плануецца, што 5 чэрвеня тыя біскупы, якія не выедуць адразу пасля завяршэння форуму, узначаляць Імшы ў некаторых мінскіх парафіях.

21 чэрвеня ў мінскай архікатэдры, як паведаміў Мітрапаліт, у 12 гадзін адбудзецца прэзбітэрскае пасвячэнне і адначасова заканчэнне навучальнага году ў Мінскім тэалагаічным каледжы і “Школе сямейнага жыцця”. Таксама 21 чэрвеня першая група пілігрымаў вылеціць у Святую Зямлю, дзе 28 чэрвеня будзе асвячана мазаіка Маці Божай Будслаўскай.

30 чэрвеня ў 8.00, як праінфармаваў іерарх, у архікатэдральным касцёле адбудзецца Імша, якой пачынаецца пілігрымка ў Будслаў, дзе 4-5 ліпеня адбудуцца ўрачыстасці на тэму “Марыя – узор малітвы”. Таксама ўдзельнікі будслаўскіх урачыстасцяў будуць дзякаваць Богу за кананізацыю Яна Паўла II.

Мітрапаліт нагадаў, што 1 ліпеня ў Мінска-Магілёўскую архідыяцэзію прыбудуць крыж і абраз Сусветнага дня моладзі. Перэгрынацыя па дыяцэзіях Беларусі сімвалаў Сусветнага дня моладзі — крыжа і абраза Маці Божай Salus Populi Romani — пройдзе з 28 чэрвеня па 12 ліпеня. 4 ліпеня пілігрымы панясуць крыж на руках у Будслаў.

16-19 ліпеня, як паведаміў арцыбіскуп, у Івянцы адбудзецца парафіяда, 21-25 ліпеня -музычная майстэрня, а 25-27 ліпеня – Дыяцэзіяльная сустрэча моладзі.

14 жніўня ў мінскім архікатэдральным касцёле ў 18.30 атрымае прэзбітэрскае пасвячэнне езуіт з Пінска. 24 жніўня ў архікатэдры ў 13 гадзін адкрыецца кінафестываль “Magnificat”.

14 верасня ў 12 гадзін, праінфармаваў Мітрапаліт, адбудзецца асвячэнне мядзельскай Кальварыі.

Іерарх нагадаў таксама, што 13 мая адышла ў вечнасць Браніслава Шэнда – маці айцоў Алега Шэнды OFMCap і Юрыя Шэнды ОР, і папрасіў прысутных памаліцца ў яе інтэнцыі.

Наступная сустрэча духавенства і кансэкраваных асобаў архідыяцэзіі адбудзецца 18 верасня ў мінскім архікатэдральным касцёле.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.