Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Арцыбіскуп Савіо Хон Тай-Фай узначаліў Імшу ў мінскім архікатэдральным касцёле (+ фотарэпартаж)
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
22.05.2014 21:15

22 мая сакратар Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў арцыбіскуп Савіо Хон Тай-Фай SDB, які прыбыў у Беларусь на сімпозіум з нагоды 25-годдзя служэння салезіянскай супольнасці ў Смаргоні, узначаліў Імшу ў мінскім архікатэдральным касцёле. У Імшы прынялі ўдзел Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, святары і вернікі Мінска.

На пачатку Імшы Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падзякаваў усім, хто прыбыў на яе, асаблівым чынам госцю – сакратару Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў. Мітрапаліт адзначыў, што гэтая Кангрэгацыя спрыяе стварэнню касцёлаў там, дзе іх яшчэ не было, а Каталіцкі Касцёл па сваёй прыродзе місійны. Іерарх дадаў, што мінская архікатэдра сустракала розных гасцей, але ўпершыню сюды завітаў біскуп кітайскага паходжання.

“Вы добра ведаеце на вопыце сваёй роднай краіны, што такое ганенні на Касцёл, пераслед веры, - звярнуўся Мітрапаліт да сакратара ватыканскага ведамства. – Дзякуй Богу, у нашай краіне гэты перыяд ужо скончыўся”. Арцыпастыр коратка нагадаў госцю гісторыю мінскай архікатэдры, пажадаў, каб дзякуючы свайму візіту ён змог больш даведацца пра Касцёл у Беларусі, а таксама пажадаў, каб Бог дапамагаў Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў у яе місіі і каб збываліся словы Хрыста: “Ідзіце і навучайце ўсе народы”.

Арцыбіскуп Савіо Хон Тай-Фай падзякаваў за цёплае прыняцце яго ў архікатэдры, за словы Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, прывітаў Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці, дадаўшы, што цэніць яго працу, усіх вернікаў і ў прыватнасці дзяцей, якія нядаўна прынялі Першую Камунію і ўдзельнічалі ў гэтай Імшы.

Разважаючы ў гаміліі над першым з літургічных чытанняў, дзе апостал Пётр кажа аб тым, што Бог ведае чалавечыя сэрцы, арцыбіскуп Савіо Хон Тай-Фай адзначыў, што Хрыстус дакранаўся ў жыцці да сэрца кожнага са сваіх вучняў-апосталаў, але яны, нягледзячы на гэта, памыляліся, здраджвалі Яму. Іерарх звярнуў увагу, што Пётр адчувае дакор сумлення, калі здрадзіў Хрысту; дакор сумлення адчувае і Юда і аддае трыццаць сярэбранікаў, якія атрымаў за выданне Езуса, - аднак розніца заключаецца ў тым, што Пётр “меў давер да Божай міласэрнасці, давер, што Бог прабачыць яму”, а Юда – не.

Як сказаў арцыбіскуп, “Бог дакранаецца да сэрца чалавека, у якім адбываецца драма жыцця, і лечыць яго”. Менавіта ў сэрцы, па словах іерарха, знаходзяцца “самыя глыбокія рэчы” – думкі і пачуцці; праз грэх жа ў сэрцы з’яўляецца рана, і чалавек пачынае бунтаваць супраць Бога.

Сакратар ватыканскага ведамства падкрэсліў, што, нягледзячы на слабасці, якія ёсць у сэрцы, у чалавека заўсёды застаецца “настальгія, успамін пра Бога, жаданне слухацца Яго голасу” і выконваць запаветы, якія Бог пакінуў, але, хоць чалавек можа хацець гэтага і імкнуцца да гэтага, “часта яму не хапае моцы”. Дапамога, па словах арцыбіскупа, - у тым, каб “даверыцца збаўчай моцы Хрыста”, і тады чалавек “адчуе аднаўленне свайго сэрца”.

Разважаючы над чытаннем Евангелля гэтага дня, іерарх звярнуў увагу на словы Езуса, сказаныя апосталам: “Калі будзеце захоўваць Мае запаведзі, застанецеся ў любові Маёй, як і Я захаваў запаведзі Айца Майго і застаюся ў Ягонай любові”. У сувязі з гэтым сакратар Кангрэгацыі звярнуўся да святароў. Па словах арцыбіскупа, святары могуць мець “асаблівае пачуццё, будучы ў Вячэры з Хрыстом”. “Хрыстус абірае кожнага з нас асабіста, ставіцца да нас, як да сяброў”, - адзначыў іерарх. Арцыбіскуп нагадаў, што святары робяць некаторыя рэчы па вобразу Божага Сына – напрыклад, калі кажуць падчас сакрамэнту пакаяння: “Я адпускаю табе грахі”, – а таксама што ім адрасаваны словы Бога аб тым, што яны не з’яўляюцца больш слугамі, але сябрамі. Сакратар Кангрэгацыі дадаў, што гэта можа нават спужаць саміх жа святароў, бо “мы палохаемся перад Божай веліччу, ведаючы пра свае слабасці”.

Іерарх узгадаў, што 12 мая гг. Папа Францішак падчас сустрэчы з семінарыстамі параіў ім “чуваць над сваім сэрцам” на малітве перад табэрнакулюмам. Арцыбіскуп Савіо Хон Тай-Фай адзначыў, што гэта будзе сапраўды як вяртанне у Вячэрнік, дасць магчымасць сказаць Хрысту: “Ты – вінаградная лаза, мы – галінкі”.

24 і 25 мая ў Смаргоні арцыбіскуп Савіо Хон Тай-Фай выступіць з дакладам на сімпозіуме з нагоды 25-годдзя служэння салезіянскай супольнасці ў парафіі Св. Міхала Арханёла і ўзначаліць Імшы.

Анастасія Грышан

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.