Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Госцяй на першакамунійнай урачыстасці ў Мар’інай Горцы стала жанчына, якая прыняла Першую Камунію ў 1943 г.
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
27.05.2014 16:11

25 мая ў парафіі Св. Антонія ў Мар’інай Горцы на ўрачыстасці Першай Камуніі, якую прынялі восем дзяцей, прысутнічала жанчына, якая сваю Першую Камунію прыняла ў ваенны 1943 год. Прысутнасць Леакадзіі Зенко стала сведчаннем веры і адданасці Богу, якую яна змагла пранесці праз усё жыццё і зараз быць прыкладам для наследвання.

У 1943 годзе, калі Леакадзія Браніславаўна, тады дзяўчынка Лёня, прымала Камунію, ёй былі падараваны ружанец і малітоўнік, крыху большы па памерах за пушачку ад запалак. Гэтыя рэчы яна атрымала ад ксяндза Пятра Пупіна. Цікава было пачуць, што сваю Першую Камунію Леакадзія Зенко (Маліноўская) прымала таксама ў парафіі Св. Антонія, толькі не ў Мар'інай Горцы, а ў вёсцы, што знаходзіцца блізка Маладзечна — Хожаве, у бок да Гарадка, у якім яна і жыве зараз.

Леакадзія Браніславаўна расказала пра цяжкае жыццё ў часы вайны, пра тое, як разам з маці хавалася ад бандытаў, несучы ў торбачцы на шыі прадметы, што засталіся на памяць аб Першай Камуніі; пра тое, як пасля вайны вясковая святыня, дарагая яе сэрцу, была разабрана, а святар высланы ў лагер. Са слязьмі на вачах жанчына заклікала ўсіх прысутных, асабліва дзяцей, маліцца, каб тыя жахлівыя часы, якія ёй прыйшлося перажыць, больш ніколі не вярнуліся.

Падчас Імшы кс. Генрых Кучынскі, кажучы пра шматгадовае сведчанне веры гэтай жанчыны, узгадаў словы паэта Сяргея Ясеніна: "Саромна мне, што я ў Бога верыў, і гаркотна з таго,што зараз не веру", дадаўшы, што Леакадзіі Браніславаўне гэтыя словы не падыходзяць, бо ёй не сорамна, таму што яна працягвае верыць і цяпер. Таксама святар звярнуўся да бацькоў, каб заахвочвалі дзяцей дбаць аб веры ў штодзённым жыцці і клапаціліся аб іх духоўным узрастанні.

У падарунак для прысутных Леакадзія Браніславаўна праспявала песню, якую спявала на сваю Першую Камунію. У сваю чаргу ў падарунак для яе і прысутных дзяцей былі падрыхтаваны ружанцы і малітоўнікі — памяць аб адной з самых вялікіх падзей у жыцці хрысціяніна, дапаможныя сродкі ва ўзрастанні ў веры і хрысціянскай сталасці.

Сведчанне гэтай жанчыны ўразіла дзіцячыя сэрцы, якія толькі распачынаюць сваю дарогу разам з Хрыстом у Эўхарыстыі. Пасля Імшы парафіян чакаў салодкі пачастунак, у час якога госця працягнула размову з дзецьмі.

 

Аксана Ючкавіч, AG


Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.