29 мая, ва ўрачыстасць Унебаўшэсця Пана, увечары Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу ў мінскім архікатэдральным касцёле. Падчас Імшы іерарх нагадаў аб праўдзе Унебаўшэсця Езуса Хрыста, вынікаючых з гэтага наступствах і абавязках.
Як адзначыў арцыпастыр у гаміліі, Езус пасля завяршэння сваёй місіі вяртаецца ў дом свайго Нябеснага Айца, кажучы, што лепей будзе, калі Ён адыдзе. Па словах іерарха, Езус адыходзіць, каб “спаслаць Святога Духа і падрыхтаваць людзям месца ў небе”; “калі б Ён застаўся на зямлі, то мог бы быць толькі ў адным месцы, а так дзякуючы дзеянню Святога Духа прысутны ва ўсім свеце”. Мітрапаліт дадаў, што “дзякуючы Святому Духу Касцёл выконвае сваю місію і з’яўляецца сакрамэнтам паўсюднага збаўлення”, “Святы Дух ажыўляе Касцёл і людзей і вядзе іх шляхам збаўлення, каб дасягнулі мэты свайго жыцця – неба і занялі падрыхтаванае там Езусам месца”.
Арцыбіскуп нагадаў таксама, што непасрэдна перад Унебаўшэсцем Езус звярнуўся да апосталаў са словамі: “Ідзіце і навучайце ўсе народы, хрысцячы іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Вучыце іх захоўваць усё, што Я загадаў вам, а Я буду з вамі аж да сканчэння веку”. “Гэта не што іншае, як запавет Хрыста, і місія, якую мы павінны выканаць”, - патлумачыў іерарх.
Сутнасць гэтай місіі, па словах Мітрапаліта, - “быць сведкамі Евангелля аж да краёў зямлі і для ўсіх народах незалежна ад іх сацыяльнага паходжання, колеру скуры, культуры ці нацыянальнасці”. “Езус - адзіны Збаўца свету, і Яго вучэнне неабходна данесці да ўсіх людзей”, - звярнуў увагу арцыпастыр.
Як заўважыў арцыбіскуп, “маючы на ўвазе тое, што Евангелле яшчэ не вядома двум трэцям чалавецтва, напэўна, прыйшоў час задацца пытаннем: гэтыя людзі не прынялі Евангелля ці евангелізатараў і спосабу евангелізацыі?” Трэба прызнаць, дадаў Мітрапаліт, што “сведчанне хрысціян не заўсёды было і ёсць сапраўдным”. Іерарх узгадаў, што барэц за свабоду Індыі Махатма Гандзі казаў, што найлепшай кнігай, якую ён чытаў у сваім жыцці, была кніга Евангелля. Калі яго спыталіся, чаму ён не прымае хросту, ён адказаў, што ў хрысціянскай Еўропе не спаткаў людзей, якія жывуць па-хрысціянску. Па словах Мітрапаліта, памылкай трэба прызнаць таксама і “еўрапейскія метады абвяшчэння Евангелля народам іншай культуры і цывілізацыі”, што “негатыўна ўплывала на працэс евангелізацыі”.
Нагадаўшы, што на пачатку ХХ стагоддзя пачалося выданне часопіса пад назвай “Хрысціянскае стагоддзе”, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адзначыў, што тытул гэтага часопіса быў “выражэннем трыўмфалізму з той нагоды, што пад канец ХХ стагоддзя ўвесь свет будзе хрысціянскім”. “Сёння мы бачым, што гэтага не адбылося, што такое жаданне было не больш, чым фантазія, - дадаў іерарх. - Больш за тое, сучасны цывілізаваны і эканамічны свет дэхрысціянізуецца. Еўропу ўжо больш нельга назваць хрысціянскай, яе называюць постхрысціянскай”.
Як падкрэсліў Мітрапаліт, распаўсюджванне Евангелля сярод усіх народаў “не можа быць дасягнута толькі чыста чалавечымі высілкамі, чалавечым інтэлектам і майстэрствам” - “вось чаму Езус абяцае ўмацоўваць апосталаў і ў іх асобе ўсіх хрысціян моцай Святога Духа”; таму справа эфектыўнага абвяшчэння Добрай Навіны “павінна пачынацца на каленях, каб даць шанс дзейнічаць Святому Духу, а не толькі нашым эгаістычным чалавечым рукам”.
Арцыпастыр нагадаў, што Езус узнёсся ў неба з Аліўнай гары. На тым месцы пабудавана капліца, у якой знаходзіцца камень, з якога Езус адышоў у дом Нябеснага Айца, а на гэтым камені - адбіццё ступні Збаўцы. “Езус пакінуў пасля сябе значны след на гэтай зямлі. Гэта Яго Евангелле, Касцёл, сакрамэнты і іншае, - дадаў Мітрапаліт. - Нават адыходзячы да дому свайго Айца, Ён пакінуў след”.
Па словах іерарха, гэта “прыклад для кожнага з нас – пакінуць свой хрысціянскі след на нашай зямлі, найперш след абвяшчэння Евангелля, каб усе людзі яго пазналі і, жывучы ім, будавалі шчаслівае жыццё на гэтай зямлі і дасягнулі і заслужылі памяшканне ў небе”. (AG)
|