У свята Найсвяцейшай Панны Марыі Маці Касцёла, якое адзначалася ў панядзелак пасля ўрачыстасці Спаслання Духа Святога, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі ўзначаліў Імшу ў парафіі ў Чавусах. У гэты дзень мясцовая каталіцкая супольнасць перажывала сваё парафіяльнае свята.
На ўрачыстай Імшы разам з парафіянамі і пробашчам кс. Гжэгажам Ксёнжэкам SP сабраліся святары Магілёўскага дэканату, сястра з катэдральнай парафіі ў Магілёве, прадстаўнік піярскай супольнасці, шматлікія госці, у тым ліку хор парафіі Св. Антонія з Магілёва.
У гаміліі біскуп Юрый Касабуцкі нагадаў, што Найвяцейшая Панна Марыя не мела лёгкага жыцця, але мела жыццё шчаслівае, бо была заўсёды з Хрыстом. “Марыя была з Касцёлам, унутры Касцёла, прасіла Божых ласкаў”, - адзначыў іерарх. Па словах біскупа, “хоць раней разбураліся святыні, але той Касцёл, які ёсць у нашай душы, - наша вера - захоўвалася, перадавалася з пакалення ў пакаленне”.
“Сёння мы можам хадзіць у святыні, але сучасны свет ставіць перад намі іншыя выпрабаванні, - дадаў іерарх. – Але Марыя разам са сваімі дзецьмі, са сваім Касцёлам, Яна прысутнічае ў нашым жыцці. І дзякуючы малітве мы адкрываем Ёй сваё сэрца”. Як падкрэсліў біскуп, важна “даверыцца Богу і памятаць, што, нягледзячы ні на якія выпрабаванні, цяжкасці, Ён заўсёды з намі, Марыя прысутнічае ў нашым жыцці і служыць нам”.
На заканчэнне Імшы адбылося асвячэнне крыжа, які нядаўна быў пастаўлены пры галоўным уваходзе ў святыню.
Паводле сайта Магілёўскага дэканату (AG) Фота сайта Магілёўскага дэканату
|