14 чэрвеня ў парафію Святой Тройцы ў Клецку прыбылі рэліквіі благаслаўлёнай сястры Стэллы і яе 10 паплечніц-назарэтанак, якія ахвярна аддалі жыццё падчас ІІ Сусветнай вайны. Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец.
Рэліквіі былі перададзены ў Клецк па просьбе вернікаў мясцовай парафіі.
Менавіта ў гэтых мясцінах нарадзілася і пражыла частку жыцця бл. Марыя
Стэлла Мардасевіч – настаяцельніца супольнасці назарэтанак падчас Другой
сусветнай вайны. Дадзеныя рэліквіі – часткі костак мучаніц, якія былі
ўзяты пасля эксгумацыі іх парэшткаў летам 1990 года. Пасля абвяшчэння
сясцёр благаслаўлёнымі ў сакавіку 2000 года гэтыя парэшткі атрымалі
назву рэліквій. У 1943 г. у канцы ліпеня гітлераўцы правялі масавыя арышты сярод
насельніцтва Наваградка, і тады сёстры-назарэтанкі прамовілі: «Мой Божа,
калі патрэбна ахвяра жыцця, няхай лепш нас расстраляюць, чым тых, хто
мае сем'і». 1 жніўня 1943 г. у лесе за Наваградкам 11 сясцёр-назарэтанак
аддалі сваё жыццё. Пасля вайны 19 красавіка 1945 г. целы мучаніц былі
перанесены і пахаваны пры касцёле Перамянення Пана. 27 верасня 1991 г.
іх рэліквіі былі перанесены ў грабніцу ў капліцы Маці Божай у гэтым жа
касцёле. 5 сакавіка 2000 г. у Рыме адбылася беатыфікацыя 11 сясцёр
назарэтанак.
Многія парафіі і паасобныя вернікі, манаскія
супольнасці звяртаюцца да сясцёр назарэтанак, як і парафіяне Клецка, з
просьбай перадачы ім рэліквій сястры Стэллы і яе 10 паплечніц, бо такім
чынам хочуць аддаць пашану благаслаўлёным сёстрам, якія здзейснілі
гераічны ўчынак падчас вайны. У Імшы прынялі ўдзел сёстры назарэтанкі на чале з правінцыяльнай Беларускай правінцыі благаслаўлёных мучаніц з Навагрудка с. Нэрэушай Падзелінскай.
Перад Імшой с. Лаура Шукеловіч CSFN наблізіла прысутным жыццярысы кожнай з благаслаўлёных назарэтанак і іх шлях да мучаніцкай смерці. Таксама сёстры назарэтанкі прадставілі мультымедыйную прэзентацыю пра мучаніц з Навагрудка.
На пачатку Імшы с. Нэрэуша Падзелінская CSFN ўнесла ва ўрачыстай працэсіі рэліквіі мучаніц, якія затым былі змешчаны пры алтары.
Біскуп Казімір Велікаселец у гаміліі адзначыў, што сёння, калі вярнулася свабода веравызнання, калі адчынены святыні, хрысціянам важна ўзрастаць у сваёй веры, сведчыць пра яе перад сваімі блізкімі, сябрамі, знаёмымі, падобна таму, як сведчылі благаслаўлёныя мучаніцы-назарэтанкі. Іерарх дадаў, што, ходзячы ў касцёл, прыступаючы да сакрамэнтаў, жывучы хрысціянскім жыццём, кожны з вернікаў можа такім чынам дасягнуць збаўлення. “Хрыстус заўсёды нас чакае”, - аб гэтым, па словах біскупа, важна памятаць.
Напрыканцы Імшы вернікі мелі магчымасць ушанаваць рэліквіі. Парафіяне Клецка казалі, што цяпер кожны дзень будуць маліцца праз заступніцтва благаслаўлёных мучаніц аб патрэбных ласках. (AG), (JM)
|