Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Умураванне вуглавога каменя новага парафіяльнага дома адбылося ў Мядзелі
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
17.06.2014 11:45

14 чэрвеня ў супольнасці кармэлітаў босых і парафіі Маці Божай Шкаплернай у Мядзелі адбылася ўрачыстая Імша, якую ўзначаліў новаабраны правінцыял Варшаўскай Правінцыі кармэлітаў босых а. Лукаш Кансы OCD.

У гаміліі айцец правінцыял звярнуў увагу на руплівасць у шуканні і выкананні Божай волі ў жыцці кожнага хрысціяніна, прыводзячы прыклад прарокаў Іллі і Елісея. Ён падкрэсліў, што кожнаму чалавеку трэба будаваць жыццё на скале, якой з’яўляецца вера ва ўваскрослага Хрыста. У святой Літургіі прынялі ўдзел таксама кармэліты босыя з Беларусі і Польшчы, рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску кс. Ян Саламон, законныя асобы, а таксама госці і парафіяне.

Пасля Імшы ўдзельнікі ў працэсіі прайшлі да новага парафіяльнага законнага дома, што знаходзіцца на стадыі будовы на тэрыторыі касцёла. Там адбылося ўрачыстае благаслаўленне вуглавога каменя і ўмураванне яго ў будынак. Вуглавы камень быў спецыяльна прывезены са Святой Зямлі з гары Кармэль, дзе бярэ пачатак гісторыя кармэліцкага ордэна. Разам з каменем у сцяну будынка быў умураваны сертыфікат з кляштара «Stellamaris» на гары Кармэль, які пацвярджае паходжанне каменя; быў далучаны акт умуравання з подпісамі прысутнага духавенства, праектантаў і будаўнікоў, а таксама фотаздымкі з розных этапаў будаўніцтва.

Пасля быў таксама благаслаўлены крыж, які змясцілі над галоўным уваходам у будынак.

На заканчэнне айцец правінцыял пажадаў усім, каб гэтае будаўніцтва з Божай дапамогай шчасліва завяршылася, нягледзячы на шматлікія цяжкасці. Святар пажадаў таксама, каб будынак служыў практыцы евангельскіх парадаў для законнікаў і пазнаванню Божай любові для ўсіх парафіянаў.

А. Юрый Кулай OCD

 

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.