14 чэрвеня адбылося асвячэнне Крыжа на ўзгорку каля вёскі Старадубава, што на Вілейшчыне, на месцы, дзе калісьці знаходзілася капліца Найсвяцейшай Панны Марыі Суцяшэння.
Пані Ядзвіга Пастэрнак, якая атрымала ад Папы Францішка благаслаўленне, прыходзіла ў дзяцінстве на святую Імшу ў гэтую капліцу.
Гісторыю гэтага месца, а таксама ўводзінамі да ўрачыстасці могуць паслужыць словы Пані Ядзвігі Пастэрнак, з якімі яна звярнулася да прысутных на асвячэнне:
«Дзякуем Пану Богу, што мы жывём у нашай вольнай Беларусі! Што адышлі тыя цяжкія часы ганення на рэлігіі і нашыя людзі розных канфесій жывуць у згодзе і праслаўляюць Пана Бога.
І сёння мы сабраліся на гэтым месцы, каб ушанаваць памяць далёкага мінулага часу, калі ў 1932 на гэтым узгорку была пабудаваная капліца, пад тытулам Маці Божай Суцяшэння. Вельмі шкада, што тыя людзі з навакольных вёсак, якія ў першыя гады запаўнялі капліцу, ужо адышлі да вечнасці. Нас засталося толькі сем чалавек: Ядзвіга Галгоўская, Баляслаў Роліч, Ядзвіга Пастэрнак, Юзаф Смаленскі, Яніна Смаленская, Юзэфа Саракваш і Ядзвіга Пастэрнак, якая дачакалася, што ў наступную суботу яе ўнук Раман Суша атрымае прэзбітэрскае пасвячэнне. Яшчэ адна асоба ў 1934 годзе была ахрышчаная ў гэтай капліцы – гэта Ванда Гендзікевіч.
У той час мы прыналежалі да парафіі ў Вішняве. Тады нам запомніўся першы ксёндз Юзаф Хомскі, які прыязджаў конна ў сядле! Для нас дзяцей гэта было дзіўна і цікава. Другі ксёндз Пётр Война-Уранскі прыязджаў на матацыкле. На пачатку 1939 быў прысланы старэнькі ксёндз Юльян Сіташкевіч, які пасля 1939 года быў растраляны органамі НКУС.
У 1941 годзе прыехаў у Вішнява ксёндз Юзаф Кісель, але неўзабаве распачалася вайна і больш у капліцы святая Імша не адбывалася. Пасля вайны вернікі збіраліся самастойна ў капліцы на маёвыя і чэрвенскія набажэнствы.
У 1963 годзе мясцовыя ўлады разбурылі капліцу і з яе дрэва збудавалі ў Іжы кухню для шпіталя. Абразы вывезлі ў Касцяневічы.
З таго часу прайшло 50 год. Гэты святы ўзгорак зарос дрэвамі. Як памяць пра капліцу засталіся 2 металічныя крыжы з вежаў. Адзін захаваўся ў Старадубаве, і цяпер усталянаваны побач каля вялікага, а другі ў Мулярах і зараз перададзены для Куранца на адноўленую капліцу.
І вось ураджэнцы Старадубава прыклалі намаганні, каб Крыжам ушанаваць гэтую памяць пра капліцу.
Дзякуем Пану Богу, што ў нашага маладога пакалення ёсць іскра веры ў душы і жаданне ўшанаваць усё тое, што святое на нашай зямлі.
Няхай гэты Крыж ажыўляе памяць людзей і ўмацоўвае веру ў Бога.
Пане Божа просім, сцеражы нас, каб нам больш не пагарджала ганенне веры, каб мы і наступныя пакаленні маглі жыць у свабодзе і праслаўляць Тваю, Божа, міласэрнасць. Амэн!»
Святую Імшу і асвячэнне, дзе прысутнічалі тыя, хто прыходзіў у капліцу ў дзяцінстве, іх дзеці, унукі, праўнукі, прапраўнукі і мясцовыя жыхары, правёў кс. Аляксандр Барыла. Падрыхтаваў кс. Аляксандр Барыла, (AYU)
|