Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста: У сакрамэнце Эўхарыстыі праяўляецца бязмежная любоў Бога да чалавека
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
19.06.2014 20:19

19 чэрвеня 2014 г., калі Каталіцкі Касцёл адзначае адну з самых вялікіх і знакавых урачыстасцяў — Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў Імшу ў мінскай архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі.

У гэтую ўрачыстасць адбываюцца велічныя эўхарыстычныя працэсіі. З пастырскага пункту гледжання ў Мінску такія працэсіі праходзяць у апошнюю нядзелю мая або першую чэрвеня, як сёлета, каб у працэсіі магло ўдзельнічаць як мага больш вернікаў: у чэрвені пачынаецца перыяд адпускоў, а дзеці на канікулы выязджаюць з горада.

У гаміліі Мітрапаліт нагадаў, што ў беларускіх касцёлах кожны дзень цэлебруецца святая Імша, і гэтых цэлебрацый становіцца ўсё больш і больш: напрыклад, яшчэ нядаўна ў Мінску ў нядзелю цэлебравалася толькі некалькі Імшаў, а цяпер іх каля пяцідзесяці. Арцыпастыр адзначыў таксама, што акрамя штодзённых Імшаў ёсць спецыяльнае свята Эўхарыстыі - гэта ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Езуса Хрыста. Праз яе, па словах Мітрапаліта, Касцёл яшчэ раз жадае падкрэсліць важнасць і значэнне Эўхарыстыі ў жыцці як паасобнага чалавека, так і Касцёла.

“Прыказка кажа, што Касцёл цэлебруе Эўхарыстыю, а Эўхарыстыя будуе Касцёл, - дадаў іерарх. - Сапраўдны Касцёл – гэта Народ Божы, які складаецца з вернікаў. І менавіта Эўхарыстыя з’яўляецца жывым праяўленнем Касцёла”.

Мітрапаліт падкрэсліў, што Эўхарыстыя паводле Божага ўстанаўлення з’яўляецца хлебам вечнага жыцця. Іерарх нагадаў, што як Стары, так і Новы Запавет прадказваюць устанаўленне Эўхарыстыі: падчас пераходу з егіпецкага рабства Бог карміў ізраільскі народ маннай з неба, якая “па сваёй сутнасці была запаведдзю хлеба вечнага жыцця вечнага”, а Езус учыніў цуд памнажэння хлеба, пасля якога сказаў людзям, што дасць ім хлеб вечнага жыцця, якім ёсць Яго цела; нарэшце, падчас Апошняй Вячэры Езус устанавіў Эўхарыстыю, як памятку сваёй мукі і крыжовай смерці, а таксама як некрывавую ахвяру.

“Калі кожны сакрамэнт з’яўляецца асабістым спатканнем чалавека з Езусам, то ў Эўхарыстыі Езус становіцца нашым хлебам, - адзначыў Мітрапаліт. - Хлеб усяму галава, кажа  прыказка. Ежа патрэбна для падтрымкі біялагічнага жыцця. Для падтрымкі духоўнага жыцця патрэбна духоўная ежа, патрэбны духоўны хлеб, якім з Божага ўстанаўлення ёсць Эўхарыстыя”.

“Матэрыяльная ежа ператвараецца ў наш арганізм. Прымаючы Эўхарыстыю, мы самі ўпадабняемся да яе. Яна нас духоўна ўдасканальвае і набліжае да Хрыста, чыніць нас больш Божымі, - заўважыў арцыбіскуп. - Такім чынам, Эўхарыстыя перамяняе нас, каб праз нас змяняць свет, бо свет з’яўляецца такім, якімі мы самі з’яўляемся”.

Мітрапаліт звярнуў увагу, што Найсвяцейшы Сакрамэнт, Эўхарыстыя, “з’яўляецца цэнтральным сакрамэнтам: ён не толькі адорвае нас Божай ласкай, але і дае нам самога яе Даўцу – Езуса Хрыста”, таму гэты сакрамэнт “з’яўляецца неабходным для развіцця і ўмацавання духоўнага жыцця”. “У сакрамэнце хросту мы нараджаемся да жыцця ў Божай ласцы. У сакрамэнце пакаяння мы нанова адраджаемся да стану Божай ласкі пасля грэхападзення. Іншыя сакрамэнты адорваюць нас новымі духоўнымі дарамі. Эўхарыстыя ж падтрымоўвае і ўмацоўвае духоўнае жыццё. Дзякуючы ёй мы ўтрымліваемся ў духоўным здароўі”, - дадаў іерарх. Арцыпастыр адзначыў таксама, што ў сакрамэнце Эўхарыстыі “праяўляецца бязмежная любоў Бога да чалавека, бо Езус не толькі нас збавіў, але застаўся з намі ў эўхарыстычнай ахвяры”.

“Слова “Эўхарыстыя” мае грэчаскае паходжанне і азначае падзяку. Адсюль выходзіць выснова, што менавіта дзякуючы Эўхарыстыі мы можам скласці адпаведную падзяку Богу за Яго дабрадзействы”, - заўважыў іерарх.

Мітрапаліт падкрэсліў, што Эўхарыстыя таксама з’яўляецца “сакрамэнтам веры, надзеі і любові”, і заклікаў вернікаў “прасіць Эўхарыстычнага Езуса аб іх умацаванні”. “Нам неабходна ўзрастаць у веры ў час панавання бязвер’я, і таксама для таго, каб дзякуючы веры мы маглі бачыць тое, чаго вочы не могуць убачыць, - а менавіта пад відамі хлеба і віна бачыць Хрыста, - патлумачыў арцыбіскуп. - Нам неабходна ўзрастаць у надзеі, каб прыняцце святой Камуніі дапамагала нам будаваць новае жыццё на зямлі і вяло да вечнага жыцця. Нам неабходна ўзрастаць у любові, каб мы маглі любіць Езуса ўсё мацней, а бліжняга - як самога сябе”.

Пасля Імшы ў архікатэдры адбылася эўхарыстычная працэсія да чатырох алтароў.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.