Біскуп Юрый Касабуцкі наведаў парафію ў Лагойску з нагоды 15-годдзя яе асвячэння |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
|
23.06.2014 14:58 |
19 чэрвеня дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі ўзначаліў святую Імшу ў парафіі святога Казіміра ў Лагойску з нагоды ўрачыстасці Найсвяцейшага Божага Цела і Крыві і 15-годдзя асвячэння парафіі.
Падчас гаміліі іерарх узгадаў часы забароны веры, як беларускі народ праходзіў тую ж духоўную пустыню, якой Бог праводзіў Маісея, і краіна перажывала «духоўны голад». Успамінаўся таксама і непасрэдны момант кансэкрацыі, калі святой памяці кардынал Казімір Свёнтак сказаў: «Няхай болей не падымецца рука чалавека на гэтую святыню», бо сучасная святыня, кансэкрацыя якой была 19 чэрвеня 1999 года, з’яўляецца чацвёртым на тым самым месцы, а першы быў закладзены у 1609 годзе Аляксандрам Тышкевічам.
На заканчэнне святочнай Імшы і працэсіі парафіяне выказалі ўдзячнасць святарам, ксяндзу біскупу Юрыю Касабуцкаму за тое, што раздзялілі з імі гэты святочны момант, дадаўшы, што хоць на першы погляд 15 год — не так і шмат, але і за гэты час парафія перажыла вельмі многа. Напрыканцы іерарх падзякаваў ордэну Місіянераў святой Сям’і за іх плённую працу на Беларусі, пажадаўшы святарам, што яшчэ будуюць святыні ў сваіх парафіях, моцы і вытрымкі ў гэтай нялёгкай справе.
Антон Паплёўка
|
Фотарэпартаж |