Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў Імшу ў мінскай парафіі Маці Божай Будслаўскай
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
03.07.2014 20:02

2 ліпеня мінская парафія Маці Божай Будслаўскай (Каменная Горка) адзначала сваю галоўную ўрачыстасць. Вячэрнюю Імшу, на якой сабралася шмат вернікаў, асабліва тых, хто не зможа прыбыць на ўрачыстасці ў Будслаў у бліжэйшыя дні, узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

У гаміліі іерарх звярнуў увагу на словы святой Альжбеты, якая, убачыўшы Марыю, што наведала яе, усклікнула: “Адкуль мне гэта, што Маці майго Пана прыйшла да мяне!” “Вачыма цела Альжбета бачыла ў Марыі сваю сваячку. Вачыма душы пад натхненнем Святога Духа яна ўбачыла ў Ёй Маці Збаўцы, якога з нецярпеннем чакаў свет”, - адзначыў Мітрапаліт. Арцыпастыр нагадаў, што гэтая гістарычная сустрэча Марыі з Альжбетай стала таксама “сустрэчай яшчэ не народжаных Езуса і святога Яна Хрысціцеля, бо ён ласкай будучага Збаўцы быў вызвалены ад першароднага граху”.

Арцыбіскуп згадаў, што сёлетнія будслаўскія ўрачыстасці з’яўляюцца першым этапам падрыхтоўкі да святкавання 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў. “У іх Марыя наведала нас, калі заклікала да малітвы і пакаяння і дала новую надзею на навяртанне. І гэтая надзея рэалізуецца ў наш час, - заўважыў іерарх. - Мы з’яўляемся сведкамі і ўдзельнікамі працэсу духоўнага адраджэння нашай зямлі. Таму сёння мы павінны дзякаваць Марыі за Яе духоўныя адведзіны нас, бо яны цесна злучаны з Божай ласкай”.

Іерарх адзначыў, што Марыя, пачуўшы прывітанне Альжбеты, праспявала свой славуты гімн “Мagnificat”, у якім праслаўляе Бога і які з’яўляецца вяршыняй Яе малітвы і даверу Яму. “Таксама і мы павінны спяваць наш гімн “Мagnificat”, бо сапраўды вялікія рэчы Бог чыніць на нашых вачах”, - падкрэсліў арцыпастыр. “Бог іх чыніць, але ці адэкватна і па-хрысціянску мы іх успрымаем і прымаем? Ці хочам з іх карыстацца? Ці не марнуем новых нагодаў для духоўнага адраджэння? – прапанаваў арцыбіскуп вернікам пытанні для разважання. - Недастаткова толькі час ад часу прыходзіць у касцёл. Недастаткова з’ездзіць на будслаўскія ўрачыстасці і бачыць вялікую колькасць прысутных там людзей. Недастаткова быць вонкавым хрысціянінам. Неабходна быць сапраўдным - такім, які разам з Марыяй прымае Божую волю, бо гэта ключ да вырашэння ўсіх праблем і ключ да шчасця”.

Нагадаўшы, што тэма сёлетніх будслаўскіх урачыстасцяў – “Марыя – узор малітвы”, Мітрапаліт адзначыў: “На малітве Марыя прыняла рашэнне згадзіцца з Божай воляй. Таксама і мы павінны часта маліцца, каб распазнаць Божую волю і яе прыняць”.

Іерарх заклікаў шматлікіх прысутных не задавальняцца плыткай верай, але з дня на дзень яе паглыбляць і, беручы прыклад з Марыі, “быць людзьмі малітвы, праз якую праяўляецца наша вера”.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.