Адбылося ўмураванне вуглавых камянёў пад адбудову мядзельскай Кальварыі |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
|
15.07.2014 11:23 |
12 ліпеня ў супольнасці кармэлітаў босых і парафіі Маці Божай Шкаплернай у Мядзелі адбылося ўмураванне вуглавых камянёў пад адбудову мядзельскай Кальварыі. Урачыстасць узначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.
Першы вуглавы камень быў спецыяльна прывезены са Святой Зямлі, з гары Кармэль, дзе бярэ пачатак гісторыя кармэліцкага ордэна. Разам з камнем у сцяну будынка быў умураваны сертыфікат з кляштара „StellaМaris” на гары Кармэль, які пацвярджае паходжанне каменя. Другі камень быў прывезены з Зэбжыдоўскай Кальварыі (Польшча), бо мядзельская Кальварыя будавалася менавіта на ўзор гэтай Кальварыі. Камяні былі ўмураваны ва ўваходную Браму Прабачэння, якой будзе пачынацца кальварыйскі шлях у Мядзелі.
Пасля адбылося набажэнства Крыжовага шляху. Разважанні падрыхтавалі і правялі набажэнства пешыя пілігрымы з Нарачы. Змест разважанняў быў пабудаваны на аснове гісторыі жыцця і духоўнай спадчыны кардынала Казіміра Свёнтка, 100-годдзе нараджэння якога сёлета будзе адзначацца.
Крыжовы шлях завяршыўся на гары Крыжоў – апошняй стацыі Кальварыі. Там адбылася святая Імша, падчас якой біскуп Юрый Касабуцкі ўдзяліў групе парафіянаў сакрамэнт канфірмацыі. У гаміліі іерарх звярнуў увагу на духоўны радыкалізм у рэалізацыі евангельскіх благаслаўленняў, а таксама заахвоціў быць вернымі Духу Святому, якога атрымалі ў сакрамэнце хросту.
Напрыканцы ўрачыстасці біскуп падзякаваў Богу за дар мядзельскай Кальварыі для Беларусі і пажадаў, каб гэтае месца нанова стала духоўным аазісам Божых ласкаў для ўсіх, хто будзе туды пілігрымаваць.
А. Юрый Кулай OCD, AG
|
Фотарэпартаж |