Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У другі дзень Парафіяды Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі прайшлі спартыўныя спаборніцтвы і прадстаўленне каманд
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
18.07.2014 16:31

У другі дзень V Парафіяды дзяцей і моладзі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі адбыліся спаборніцтвы па настольным тэнісе і па бегу на кароткія дыстанцыі: хлопцы на 100 і 600 метраў, дзяўчаты – на 60 і 300 метраў. Парафіяда праходзіць у Івянцы з 16 па 19 ліпеня.

Вынікі спаборніцтваў былі занесены ў агульную табліцу каманднага заліку, пераможцы ў сваіх узроставых катэгорыях былі ўзнагароджаны дыпломамі і медалямі.

Таксама пачаліся спаборніцтвы па міні-футболе і валейболе, якія працягваюцца ў трэці дзень парафіяды. Хутка стануць вядомы іх вынікі.

Парафіяда ўключае ў свой склад тры элементы: “тэатр”, “святыня”, “спорт”. Што датычыць “святыні”, парафіяда прадугледжвае кожны дзень малітву на пачатак і заканчэнне дня, а таксама святую Імшу.

Галоўны іспыт у другі дзень спаборніцтваў чакаў удзельнікаў вечарам: кожная каманда павінна была прадставіць свой рэгіён. Прадстаўленне было ацэнена журы па такіх крытэрыях, як ужыванне беларускай мовы, харэаграфія, спеў, камп’ютэрная прэзентацыя, касцюмы і дэкарацыі. Каманды па-рознаму паставіліся да выканання гэтага задання: адны распавядалі пра гісторыю свайго краю, іншыя прадставілі жыццё свайго кутка праз паўсядзенныя клопаты. Пераможцамі сталі хлопцы і дзяўчаты з Беразінскага. Удзельнікаў чакаюць конкурс рэлігійных ведаў і конкурс рэлігійнай песні па-беларуску.

Прадставіць свае каманды прыехала ў гэтым годзе каля 150 удзельнікаў з розных куткоў архідыяцэзіі. Важнае адрозненне парафіяды ад простых спаборніцтваў заключаецца ў тым, што галоўная мэта - не перамагчы, а  навучыцца быць разам, быць камандай, якая нага ў нагу імкнецца да пазнання Бога.

Ганна Журко, AG

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.