Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Юрый Касабуцкі на сустрэчы моладзі ў Івянцы: Дэвіз сустрэчы «Шчаслівыя ўбогія духам» — нагода задумацца над іерархіяй каштоўнасцяў (+ фота)
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
26.07.2014 19:59

26 ліпеня 2014 г. у Івянцы працягнулася Малітоўная сустрэча моладзі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Праграма другога дня сустрэчы ўключыла святую Імшу для ўдзельнікаў, якую ўзначаліў дапаможны біскуп архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.

“Хрыстус сабраў усіх вас на гэтай сустрэчы, каб праслаўляць Бога, пазнаваць Яго, правесці гэты час разам, паглыбіць сваю веру і, магчыма, стаць бліжэй да Езуса. І мы ўдзячныя Богу за гэтую магчымасць паглыбіць веру, якую атрымалі ад нашых бацькоў, бабуль і дзядуляў”, - сказаў на пачатку Імшы, звяртаючыся да моладзі, біскуп Юрый Касабуцкі, узгадаўшы таксама, што ў гэты дзень Касцёл успамінае святых Яўхіма і Ганну, бацькоў Найсвяцейшай Панны Марыі.

Кажучы пра тое, што дэвізам сёлетняй архідыяцэзіяльнай сустрэчы моладзі сталі словы “Шчаслівыя ўбогія духам” (Мц 5, 3), іерарх адзначыў у гаміліі, што “гэты маленькі сказ з навучання Езуса Хрыста вучыць нас вельмі многаму”. Нагорнае казанне Хрыста біскуп назваў “напрамкам, у якім павінен працаваць кожны хрысціянін”.

Па словах іерарха, сучасны свет прапануе маладому чалавеку вельмі шмат, і моладзь часта разважае над тым, што з’яўляецца найважнейшым. Біскуп дадаў, што каштоўнасці гэтага свету, як паказвае гісторыя, не робяць чалавека шчаслівым, і чалавек у канцы жыцця не можа ўзяць сваё багацце з сабой. Біскуп прывёў таксама прыклад Саламона, які прасіў у Бога не зямных багаццяў, а мудрасці.

Як заўважыў іерарх, дэвіз малітоўнай сустрэчы “Шчаслівыя ўбогія духам” з’яўляецца нагодай для кожнага задумацца над сваёй іерархіяй каштоўнасцяў, над пытаннем: наколькі я прывязаны да рэчаў гэтага свету? “Убоства духу” таксама азначае, паводле біскупа, уменне заўважаць іншага чалавека, рабіць яму дабро. Біскуп адзначыў важнасць штодзённай малітвы як нагоды сустрэцца з Хрыстом, важнасць Эўхарыстыі, а добрыя ўчынкі ў адносінах да бліжняга назваў “вялікім скарбам, які не параўнальны ні з чым на зямлі”.

Іерарх пажадаў, каб гэтая сустрэча моладзі навучыла ўдзельнікаў “думаць пра сваё жыццё, рабіць свой выбар – выбар Езуса Хрыста, які першы палюбіў нас і падрыхтаваў для нас сваё Валадарства”. “Жадаю, каб мы ўсе сапраўды сустрэліся ў гэтым Валадарстве”, - дадаў біскуп Юрый Касабуцкі.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч напрыканцы Імшы падзякаваў маладым вернікам, якія прынялі ў ёй удзел, нягледзячы на вельмі спякотнае надвор’е.

Біскуп Юрый Касабуцкі нагадаў, што чвэрць стагоддзя таму Святы Айцец накіраваў сённяшняга арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ў “духоўную пустыню” тагачаснай беларускай зямлі, каб дапамагаць людзям будаваць іерархію каштоўнасцяў, яднаць іх з Богам. Іерарх павіншаваў Мітрапаліта, які адзначае 25 гадоў з часу свайго прызначэння біскупам.

Анастасія Грышан

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.