26 ліпеня 2014 г., ва ўспамін свв. Яўхіма і Ганны, бацькоў Найсвяцейшай Панны Марыі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў адпустовую ўрачыстасць святой Ганны ў парафіі Свв. апосталаў Пятра і Паўла ў Камені, недалёка ад Івянца. У гэтыя дні іерарх прымае ўдзел у Малітоўнай сустрэчы моладзі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, якая праходзіць у Івянцы.
У гаміліі арцыбіскуп нагадаў пра тое, што бацькі Панны Марыі Яўхім і Ганна выхавалі Марыю так, што ў рашучы момант гісторыі збаўлення Яна згадзілася з Божай воляй і гэтым самым дала магчымасць ажыццявіцца Божаму плану адкуплення чалавецтва. Арцыпастыр дадаў, што да выказвання згоды з Божай воляй Марыю падрыхтавалі бацькі.
Мітрапаліт засяродзіўся на праблемах сучаснай сям’і, падкрэсліваючы пры гэтым, што дэвальвуецца яе сэнс як Богам створанага інстытуту і адзінага саюзу мужчыны і жанчыны, не захоўваецца таксама Божы дар жыцця, бацькі звяртаюць мала ўвагі на духоўнае выхаванне сваіх дзяцей і не даюць ім добрага прыкладу.
Іерарх заахвоціў бацькоў па прыкладу святых Яўхіма і Ганны клапаціцца аб духоўнай фармацыі маладога пакалення як надзеі свету і Касцёла. Сям’я, па словах арцыбіскупа, павінна стаць хатнім Касцёлам, і ніхто іншы - ні дзіцячы садок, ні школа, ні ўніверсітэт – не дасць у выхаванні дзяцей таго, што можа і павінна даць сям’я, як галоўная клетка кожнай супольнасці. (AG)
|