Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Будзьма славіць Пана да світанку!»: кульмінацыя сустрэчы моладзі ў Івянцы
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
27.07.2014 01:03

Ранішняя малітва на другі дзень Малітоўнай сустрэчы моладзі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў Івянцы, 26 ліпеня 2014 г., перайшла адразу ў канферэнцыю, якую Ян Паспяшальскі праводзіў у касцёле. Над тэмай «Благаслаўлёныя ўбогія духам», сапраўды, было лепш разважаць у святыні, каб больш услухацца і засяродзіцца, адзначала моладзь пасля.

Наступная канферэнцыя знакамітай польскай актрысы Патрыцыі Хурляк, што больш за 20 год займалася чорнай магіяй і навярнулася ў 2011 годзе, многіх прысутных моцна ўзрушыла сваёй шчырасцю. Пасля канферэнцыі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падзякаваў выступоўцы за сведчанне, якое назваў "прылюднай споведдзю". І некаторыя ўдзельнікі адзначалі, што не чакалі такой шчырасці, але адначасова былі і вельмі ўдзячныя.

Патрыцыя Хурляк распавядала пра небяспеку магіі, чараўніцтва, амулетаў, якія вядуць да разбурэння чалавечай асобы. Тое, пра што гаварыла выступоўца, часта прыводзячы прыклады са свайго жыцця, адначасова здзіўляла і дапамагала зразумець сапраўдную пагрозу і вынікі модных акультных практык, якія часамі карціць паспрабаваць людзям.

Свой вопыт у сферы магіі, што доўжылася і трансфармавалася ў новыя формы на працягу 20 год, Патрыцыя апісвае ў кнізе пад назваю «Вядзьмарка, якая навярнулася».

Пра гэтую кнігу адзін са спевакоў, паляк Анджэй Рыбіньскі, напісаў: «Большасць з нас жыве згодна з прынцыпам: гуляй, душа, бо пекла няма. Я спадзяюся, што пасля прачытання гэтай цудоўнай кнігі большасць з нас зменіць свой падыход да жыцця. Існуе Бог і існуюць прынцыпы, якія выдатна трымаюцца ў жыцці».

Удзельнікі малітоўнай сустрэчы ў Івянцы мелі магчымасць прачытаць «жывую кнігу» — паслухаць саму аўтарку, пасля канферэнцыі паразмаўляць з ёй, параіцца, а некаторыя прасілі аўтографы.

Па завяршэнні канферэнцый усе разбегліся па круглых сталах. Хтосьці хацеў паслухаць пра малітву, хтосьці даведацца больш пра кардынала Казіміра Свёнтка, а хтосьці атрымаць парады ад мастака-фатографа, як рабіць шэдэўры.

Пасля абмеркавання працы кожнага са сталоў на агульнай сустрэчы да моладзі далучыўся Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Іерарх заклікаў, каб моладзь памятала пра тое, што сустрэча ў Івянцы — гэта своеасаблівае пераўвасабленне Сусветнага дня моладзі, які ў свой час заснаваў святы Ян Павел ІІ.

Таксама моладзь запыталася ў біскупа аб тым, калі з'явіцца беларускамоўная версія часопіса «Любите друг друга» і «Youcat», адзначаючы, што менавіта гэтыя выданні маглі б найлепш выконваць евангелізацыю сярод моладзі. «Так, гэта сапраўды дзейнічае», — адзначыў адзін з удзельнікаў.

Дзень у Івянцы праходзіў цікава. Усім даспадобы прыйшоўся парафіяльны конь, на якім Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч прапанаваў пакатаць усіх ахвотных. Незвычайны кучар сёння зрабіў незвычайны падарунак пары маладых - Ганны і Антона, якія толькі што выйшлі з касцёла ў новым жыццёвым статусе, які пацвердзілі перад алтаром.


Пасля моладзь зноў сабралася ў вялікай зале, каб паслухаць сведчанне Мацея Бодасіньскага з Польшчы, якое ён меў якраз перад пакутным набажэнствам. Прамоўца адзначыў, што галоўная мэта яго слоў да маладых людзей - іх навяртанне, іх жаданне прыступіць да сакрамэнту пакаяння, перамяніцца.

Пад пякучымі прамянямі хоць ужо і вечаровага сонца ўсе сабраліся на святую Імшу, якую цэлебраваў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.

Пасля ўсіх чакала фацімскае набажэнства, а яшчэ пазней - канцэрт, які падрыхтаваў гурт "Рыбы".

Падчас канцэрту ўдзельнік "Музычнай майстэрні" падзяліўся нечаканым фактам. Пасля канцэрту, як аказалася, маладыя вернікі не адразу ідуць адпачываць. У мінулую ноч моладзь у ліку 8 чалавек з запаленымі лампадкамі пераходзіла ад адных могілак у Івянцы да другіх, каб прачытаць за памерлых "Анёл Панскі", а таксама і здзівіць жыхароў. Бо, як паведаміў Арцём, адзін з вадзіцеляў аўтамабіля ехаў насустрач, але, відаць, калі ўбачыў, што ідуць у цемры са свечкамі, то паехаў у іншы бок.

Да чаго толькі моладзь не дадумаецца!

І ніколі моладзь не дадумаецца скончыць свой дзень, не паспытаўшы смаку ўзыходзячага сонца. Хіба завяршэнне другога дня моладзевай сустрэчы ў Івянцы будзе на світанку, бо ў вялікай зале, так званым ангары, не сціхаюць музычныя інструменты, не сціхаюць спевы...

Аксана Ючкавіч
Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.