Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Адправіцца на пошук каштоўнай пярліны, якой ёсць Езус»: завяршылася Малітоўная сустрэча моладзі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі (+ фотарэпартаж)
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
27.07.2014 11:28

27 ліпеня 2014 г. у Івянцы завяршылася ўрачыстай Імшой Малітоўная сустрэча моладзі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Сёлета сустрэча праходзіла пад дэвізам «Шчаслівыя ўбогія духам» (Мц 5, 3). Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

“Падчас гэтай Імшы мы хочам падзякаваць Богу за магчымасць у дні Малітоўнай сустрэчы моладзі разам праслаўляць Бога праз малітву, песні і забавы”, - сказаў на пачатку арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Арцыпастыр заклікаў таксама маліцца падчас Імшы аб пакліканнях да святарства і кансэкраванага жыцця, дадаўшы, што калі Бог кліча, Яму трэба адказаць “так”, як учыніла Найсвяцейшая Панна Марыя.

Разважаючы ў гаміліі над чытаннем Евангелля XVII Звычайнай нядзелі, Мітрапаліт звярнуў увагу, што Езус параўноўвае Нябеснае Валадарства да каштоўнай пярліны, якую хоча купіць чалавек, для чаго гэтага ён прадае ўсё, што мае, каб толькі яе набыць. “Задумаемся над гэтымі словамі Езуса. Прадаць усё, каб толькі набыць пярліну! Гэта азначае, што няма нічога больш каштоўнага і важнага ў яго жыцці за пярліну, - адзначыў іерарх. - З гэтых слоў Езуса можна зрабіць выснову, што не можа быць нічога больш каштоўнейшага за Нябеснае Валадарства, і таму для яго дасягнення варта прадаць усё, гэта азначае, што варта нават ахвяраваць сваё жыццё без рэшты ў служэнні Богу і бліжняму”.

“У жыцці чалавека могуць быць часовыя прыемнасці, якія на самой справе не даюць нам сапраўднага шчасця. Пакуль чалавек малады, яму здаецца, што ўвесь свет у яго пад нагамі і ён знаходзіцца ў яго цэнтры. Такое мысленне вядзе да памылковай высновы, што неабходна карыстацца кожнай нагодай, якая, як падаецца, нясе шчасце, не задумваючыся над тым, ці адпавядае гэты шлях маральнаму закону. У выніку чаго маладыя людзі часта шукаюць шчасця ў неўпарадкаваным сексуальным жыцці, алкаголі, наркотыках, амаральных паводзінах, свабодзе без адказнасці, - Калі нязгодна з маральнымі прынцыпамі шукаем поспеху, прыемнасцяў і матэрыяльнх каштоўнасцяў, чынячы з іх бога, то становімся нявольнікамі гэтых спраў і рэчаў”. У той жа час, падкрэсліў Мітрапаліт, “Касцёл прапануе нам сапраўдны шлях да шчасця, сапраўдную каштоўную пярліну, якой з’яўляецца Езус”.

Як дадаў арцыпастыр, “ісці за Езусам нялёгка, бо неабходна несці крыж свайго жыцця”, аднак менавіта жыццёвы крыж “дзякуючы Божай ласцы ператвараецца ў каштоўную пярліну хрысціянскага жыцця і сведчання”.

“Ці гатовы мы адправіцца ў духоўны шлях на пошук гэтай пярліны, якой ёсць Езус? Ці патрэбна нам мапа і GPS? Так! Гэтае падарожжа з’яўляецца падарожжам у наша сэрца, і мапа дадзена нам самім Хрыстом”, - падкрэсліў іерарх.

Згадваючы пра дэвіз сёлетняй архідыяцэзіяльнай сустрэчы моладзі “Шчаслівыя ўбогія духам” і тлумачачы, кім з’яўляюцца евангельскія ўбогія, Мітрапаліт адзначыў: “Гэта ўсе людзі, бо чалавечая прырода з-за першароднага граху пазначана радыкальнай беднасцю. Чалавек страціў тую прыгажосць, якой яго адарыў Створца. Такім чынам, кожнае імкненне да багацця і выгодаў з’яўляецца не чым іншым, як толькі вонкавым праяўленнем шчасця, якое не можа запоўніць духоўную пустату. Таму лагічна, што сапраўдным скарбам ёсць Бог. Мы можам і павінны стаць шчаслівымі ўжо тут, на зямлі, калі прымем багацце, якім Бог жадае нас адарыць у Езусе Хрысце. Згодна з вучэннем Хрыста благаслаўлёныя – гэта тыя, хто не абцяжарвае сябе імкненнямі да матэрыяльнага багацця, да таго, што праходзіць і не з’яўляецца трывалым. Яны ўбогія, бо свабодны ад таго, што лішняе. Іх любоў да рэчаў вечных дапамагае ім вызваліцца ад дамінавання ў іх жыцці зямных рэчаў”.

Поўны тэкст гаміліі>>>

Арцыбіскуп звярнуў увагу маладых людзей, што “трэба памятаць аб справах духоўных, а не зацыклівацца толькі на матэрыяльных і пошуку прыемнасцяў”, а Езус і Яго вучэнне дапамогуць “адмовіцца ад “танных” прапаноў шчасця, якіх так многа ў сучасным свеце”.

На заканчэнне Імшы Мітрапаліт, між іншым, запрасіў моладзь да паступлення ў «Мінскі тэалагічны каледж імя св. Яна Хрысціцеля». Дакументы прымаюцца да 23 жніўня кожны дзень акрамя нядзелі з 10.00 да 12.00 у мітрапалітальнай курыі.

Сёлетняя Малітоўная сустрэча моладзі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі праходзіла пры парафіі Св. Міхала Арханёла ў Івянцы з 25 па 27 ліпеня. Праграма сустрэчы ўключыла святыя Імшы, канферэнцыі, круглыя сталы, майстар-класы, дыялог з біскупам, канцэрты.

Анастасія Грышан

 

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.