З 14 па 25 ліпеня ў мінскім араторыі імя св. Яна Боско праходзілі канікулы з Богам для дзяцей ад 6 да 14 гадоў. Сёлета прыклад святасці ўдзельнікі лагера бралі ў святога Дамініка Савіо, які аднойчы пастанавіў: “Лепш мне памерці, чым зграшыць!”
Кожны дзень памочнікі аніматараў рыхтавалі невялікую сцэнку, якая апавядала пра пэўны эпізод жыцця св. Дамініка Савіо, каб дзеці мелі магчымасць бліжэй пазнаёміцца з прыкладам маладой святасці. Таксама кожны дзень удзельнікам лагера прапаноўвалася паразважаць над канкрэтнай тэмай, каб у выніку атрымаць рады, карыстаючыся якімі, можна адважна крочыць “да Неба разам са св. Дамінікам Савіо”.
Асноўнай тэмай і адначасова дэвізам лагера стаў выраз “Мае канікулы - жніво Пана”. На працягу дзесяці дзён удзельнікі вярталіся да думкі, што ад кожнага асабіста залежыць, ці стане наша лета (разглядаючы тэму шырэй – нашае жыццё) годным для Пана. А каб маленькім вернікам было лягчэй асэнсаваць гэтую тэму, у першы дзень канікул кожнаму з іх арганізатары далі зерне, якое неабходна было пасеяць дома ў зямлю. Напрыканцы канікул кожнае дзіця прынесла плёны сваіх намаганняў – прарослыя расліны. Але гэта матэрыяльная ўзнагарода, якую кожны здолеў атрымаць, а што датычыцца духоўнай, то падчас апошняй працы па групах у дзясяты дзень дзеці дзяліліся адзін з адным тым, якія плёны для душы яны атрымалі.
Праграма канікул уключала штодзённую святую Імшу, Вяночак да Божай Міласэрнасці, гульні і працу па групах. Адметным пунктам стаў выезд у мінскі аквапарк “Лябяжы” і ў новы музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
Вынікам канікул з Богам стаў канцэрт для бацькоў, якой дзеці падрыхтавалі пад кіраўніцтвам арганізатараў лагера.
Канікулы з Богам – адна акцыя з вялікай колькасці, якія праводзяцца ў мінскім араторыі. За інфармацыяй можна сачыць на сайтах www.sdb.by, www.serebranka.sdb.by і ў групе араторыя “В контакте”.
Паводле sdb.by (AG)
Больш фота на sdb.by
|