Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі прайшлі аніматарскія рэкалекцыі супольнасці «Хатні Касцёл»
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
04.08.2014 11:49

З 28 ліпеня па 1 жніўня 2014 г. у вёсцы Канстанцінава Мядзельскага раёна прайшлі аніматарскія рэкалекцыі I ступені супольнасці “Хатні Касцёл” руху “Святло-Жыццё”, якія правялі дыяцэзіяльны мадэратар супольнасці кс. Павел Шылак і аніматарская дыяцэзіяльная пара. Як адна вялікая сям’я “аазіс” перажывалі ўдзельнікі супольнасці з Мінска, Магілёва і Маладзечна.

Падчас духоўных практыкаванняў сем’і мелі магчымасць практыкаваць малітву “пяці пальцаў”, аўтарам якой стаў Папа Францішак у той час, калі быў арцыбіскупам Буэнас-Айрэса.

Удзельнікі працавалі са Святым Пісаннем, выкарыстоўваючы метад біблійнага сінтэзу (кароткіх формул веры), кожны дзень разважалі над постацямі біблійных персанажаў, прапанаваных дыяцэзіяльным мадэратарам.

Як прыклад святасці і сапраўднай сужэнскай духоўнасці сем’ям была прапанавана інфармацыя аб святых сужэнствах у гісторыі Касцёла.

Падчас адпачынку сем’і наведалі святыні ў Гервятах і Міхалішках (Гродзенская дыяцэзія), удзельнічалі ў біблійных віктарынах.

Вяршыняй кожнага дня была Эўхарыстыя, падчас якой сем’і дзякавалі Богу за Езуса Хрыста, за супольнасць, за магчымасць удзелу ў рэкалекцыях.

У перадапошні дзень адбылася адмыслова падрыхтаваная і праведзеная мадэратарам супольнасцi адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту.

Пяць дзён пад апекай Божай Маці прамінулі для сабраных хутка. Завяршыліся рэкалекцыі традыцыйным спевам «Як гэта хораша й міла» ў выкананні мужчын супольнасці.

Удзельнікі рэкалекцый дзякуюць айцам кармэлітам і новаму пробашчу парафіі ў Канстанцінаве кс. Алегу Мурзічу за гасціннасць.

Наступная сустрэча ўдзельнікаў супольнасці “Хатні Касцёл” адбудзецца восенню на пачатак новага года фармацыйнай працы.

Алена i Аляксандр Латушкiны

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.