8 жніўня 2014 г. Каталіцкі Касцёл успамінаў св. Дамініка, які яднае католікаў з розных краін і з’яўляецца ўзорам самаахвярнага служэння людзям. У гэты дзень у парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай (св. Дамініка) у Ракаве узначаліў урачыстую Імшу дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, а 9-10 жніўня адбылося свята, на якое прыбылі госці з Амерыкі і Польшчы. У парафіі віталі таксама ўраджэнца вострава Куба – сябра мясцовага мецэната Вячаслава Доўнара.
Дзякуючы ахвяраванням апошняга нядаўна былі ўсталяваны рашоткі на ўваходзе, якія дазваляюць турыстам пабачыць святыню ў час, калі няма набажэнстваў.
Як паведаміў пробашч парафіі ксёндз Дзмітрый Барыла, колькасць жадаючых наведаць ракаўскі касцёл расце з кожным годам. Магчыма, з часам там будуць ладзіцца пастаянныя экскурсіі. Пакуль жа святар асабіста распавёў гасцям пра гісторыю парафіі, пазнаёміў прысутных з асноўнымі вехамі жыцця святога Дамініка, на дзейнасць якога была звернута асаблівая ўвага падчас святочнай Імшы 10 жніўня. Ксёндз Дзмітрый Барыла падкрэсліў, што святы Дамінік, які паходзіў з заможнай шляхетнай сям’і, не раздаваў людзям багацці матэрыяльныя, а нёс ім святло Духа Святога.
Нягледзячы на спякотны час вакацый, на свяце сабралася шмат моладзі. У суботу вечарам на плошчы перад касцёлам адбыліся канцэрт і забавы, якія нагадвалі пра тое, што кожны вернік мусіць несці радасць у сэрцы.
Завяршэннем свята стаў Крыжовы шлях вакол касцёла, у якім узялі ўдзел і ракаўчане, і госці мястэчка.
Таццяна Сівец, AG
|