15 жніўня 2014 г., ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу ў парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Шэметаве. Падчас Імшы маліліся між іншым у інтэнцыі кс. інфулата Станіслава Кучынскага, які быў пробашчам гэтай парафіі ў 1941-1990 гг., а пасля - першым рэктарам Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, у 100-годдзе яго нараджэння.
У гаміліі Мітрапаліт засяродзіў увагу на праўдзе веры аб Унебаўзяцці Найсвяцейшай Панны Марыі. “Мы ўсе вышлі з Божай рукі і прызначаны для вечнага жыцця. На гэтай зямлі мы не маем сталага месца прабывання. Зямля – гэта як быццам стартавая пляцоўка ў вечнасць”, - адзначыў арцыпастыр. Унебаўшэсце Езуса, па словах іерарха, нагадвае “аб адкупленні ўсяго чалавека – яго душы і цела, і аб тым, што ўвесь чалавек прызначаны для вечнага шчасця”.
Першай гэтую праўду, як дадаў арцыбіскуп, спасцігла Найсвяцейшая Панна Марыя: “Яе Сын і адначасова наш Збаўца – Езус Хрыстус – не мог дазволіць, каб цела Марыі, якое было першым табэрнакулюмам, расклалася і чакала Апошняга суду, каб трапіць у вечную радасць, таму па завяршэнні зямнога жыцця Марыя была з душой і целам узята на неба”. “Сучаснасць Марыі – гэта наша будучыня, да якой мы ўсе пакліканы. Аднак яе дасягненне залежыць толькі ад нас саміх, - падкрэсліў Мітрапаліт. - Бог не з’яўляецца аўтарам зла, але яго стварае сам чалавек, паддаючыся спакусам злога духа. Так было заўсёды: у нашых першых бацькоў Адама і Евы, якія не выкарысталі дадзены ім шанс; так было і ў часы Марыі, якая, наадварот, выкарыстала дадзеную Ёй Богам магчымасць і згадзілася з Божай воляй, тым самым даючы пачатак канкрэтнаму ажыццяўленню Божага плану збаўлення чалавека, і заслужыла вечную радасць у небе з целам і душою”. Так, па словах іерарха, “павінна быць і цяпер, калі чалавек перш за ўсё клапоціцца аб сваім матэрыяльным лёсе і імкнецца да прыемнасцяў, забываючыся пра духоўныя справы”.
Мітрапаліт нагадаў, што каля 100 гадоў таму па дне Атлантычнага акіяну быў пракладзены тэлефонны кабель, дзякучы чаму была ўстаноўлена тэлефонная сувязь паміж Еўропай і Амерыкай, і гэта было вялікім тэхнічным дасягненнем на тыя часы. “Дзякуючы Марыі мы маем найлепшую сувязь з Езусам. І гэта не тэлефонная сувязь, але жывая, якая вядзе да асабістага спаткання з Хрыстом і адорвае нас збаўчай ласкай”, - дадаў арцыпастыр.
Мітрапаліт заклікаў шматлікіх сабраных вернікаў памятаць, што “Марыя –наша духоўная Маці, якая заўсёды клапоціцца аб нас”, і “з Яе дапамогай ісці да Езуса, каб Ён заставаўся нашым правадніком па шляхах нашага зямнога жыцця з мэтай прывесці нас у жыццё вечнае”.
(AG)
|