Увечары 15 жніўня 2014 г., ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Засвіры. У гэты дзень там адзначалася 300-годдзе з часу будаўніцтва парафіяльнага касцёла.
Мітрапаліт, звяртаючыся да шматлікіх сабраных, узгадаў 90-я гады мінулага стагоддзя, калі засвірскія вернікі мужна дабіваліся перадачы ім канфіскаванай у часы ганенняў на веру святыні. Іерарх ад усяго сэрца падзякаваў ім за намаганні, таксама просячы Бога аб дары вечнага супакою для спачылых і аб благаслаўленні для жывых.
У гаміліі арцыбіскуп нагадаў пра значэнне касцёла ў жыцці хрысціяніна, адзначыўшы, што касцёл – гэта месца спаткання чалавека з Богам. Многія дзесяцігоддзі засвірскія вернікі, як дадаў Мітрапаліт, не мелі такой магчымасці, аднак нават у часы пераследу яны захавалі веру і дачакаліся часоў свабоды веравызнання. “Дзякуючы служэнню святароў і актыўнасці вернікаў касцёл ізноў ажыў, каб у ім абвяшчалася Божае слова, цэлебраваліся сакрамэнты, асабліва Эўхарыстыя, якая будуе Касцёл, а таксама адбывалася духоўнае кіраўніцтва”, - сказаў іерарх.
Арцыпастыр падкрэсліў сімвалічнасць таго, што засвірскі касцёл адзначае сваё 300-годдзе ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. “Узятая на неба з душой і целам, Марыя з’яўляецца прыкладам для кожнага чалавека, каб, згаджаючыся з Божай воляй, ісці пэўным шляхам да збаўлення, - адзначыў Мітрапаліт. - У гэтым нам дапамагае Касцёл, у якім жыве і дзейнічае Хрыстус”. Іерарх дадаў, што нават у часы пераследу, калі засвірскі касцёл быў зачынены і выкарыстоўваўся не ў сакральных мэтах, яго прыгожая барокавая архітэтура заклікала людзей “адарвацца ад зямных справаў і накіраваць свой позірк да Бога, які падрыхтаваў нам памяшканне ў сваім нябесным доме і вядзе нас туды”.
Мітрапаліт пажадаў парафіянам і гасцям свята заўсёды заставацца вернымі свайму хрысціянскаму пакліканню і, беручы прыклад з Марыі, ісці шляхам, які вядзе да вечнага шчасця. (AG)
|