16 жніўня 2014 г. у парафіі Св. Андрэя, апостала, у Нарачы адзначылі 580-годдзе з часу будаўніцтва першай святыні і 110-годдзе з часу кансэкрацыі сучаснага касцёла. У гэты дзень у парафіі святкуецца таксама адпустовая ўрачыстасць ва ўспамін св. Роха. Святую Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, падчас яе 32 вернікам быў удзелены сакрамэнт канфірмацыі.
Падчас Імшы парафіяне павіншавалі арцыпастыра з 25-годдзем з часу прызначэння біскупам.
У гаміліі Мітрапаліт нагадаў сабраным, што іх мясцовасць знаходзіцца недалёка ад возера Нарач, і, можа, менавіта таму гэтая парафія мае сваім апекуном святога апостала Андрэя, які з’яўляецца апекуном мараплаўцаў. “Возера Нарач - не мора, аднак гэта водная прастора, з якой звязаны лёсы тутэйшых людзей”, - сказаў арцыбіскуп.
Як дадаў іерарх, “усе мы як быццам знаходзімся на моры, якое не заўсёды спакойнае”: “як на моры часта бывае шторм і высокія хвалі пагражаюць жыццю тых, хто там знаходзіцца, таксама і ў жыцці розныя праблемы і крызісы з’яўляюцца тым штормам, які пагражае духоўнаму жыццю чалавека”.
“Хто можа выратаваць? Хто дапаможа? Дзе шукаць паратунку?” – працягваў Мітрапаліт і, адказваючы на гэтае пытанне, прыгадаў фрагмент Еваангелля з апошняй нядзелі, калі Езус суцішыў буру на моры і падбадзёрыў апосталаў словамі: “Не бойцеся, гэта Я”.
“І сёння, у часы ваяўнічага секулярызму і дыктатуры лібералізму, хвалі бязбожнага жыцця стараюцца затапіць наш хрысціянскі човен”, - падкрэсліў арцыпастыр, дадаўшы, што ў гэтым выпадку трэба “ўслухацца ў голас Хрыста: “Не бойцеся, гэта Я””. Мітрапаліт нагадаў, што словамі “Не бойцеся і даверцеся Хрысту” распачаў свой Пантыфікат святы Ян Павел II, і гэтыя словы “Касцёл паўтарае ва ўсе часы, бо Хрыстус нічога не забірае, а толькі дае і адорвае сваёй ласкай”. “Касцёл чыніў гэта 110 гадоў таму, калі была кансэкравана гэтая велічная неагатычная святыня, - адзначыў арцыбіскуп, кажучы пра нарачанскі касцёл. - Чыніў праз яе вежы, якія ўзносіліся высока ў вышыню ў часы ганенняў, калі на працягу 40 гадоў тут не было святара, але вернікі самі збіраліся на набажэнствы. Касцёл чыніць гэта і сёння, калі з аднаго боку мы маем свабоду веравызнання, а з іншага з’яўляемся сведкамі адыходу ад Бога”.
“Не трэба баяцца дазволіць Хрысту ўвайсці ў нашы сэрцы, каб іх перамяніць, - звярнуў увагу іерарх. - Ён прыходзіць да нас праз служэнне Касцёла, які евангелізуе людзей, асвячае іх праз сакрамэнты і кіруе імі праз служэнне ім”.
Мітрапаліт адзначыў, што адзін са знакаў духоўнага ўмацавання вернікаў - сакрамэнт канфірмацыі, у якім яны ўмацоўваюцца сямю дарамі Святога Духа, “каб у мітусні і хаосе сучаснага свету і пануючым у ім духу секулярызму захаваць сваю хрысціянскую ідэнтычнасць, бараніць веру і выбіраць Божы шлях”.
Кажучы пра тое, што 16 жніўня ў нарачанскай парафіі адзначаецца адпуст ва ўспамін святога Роха, арцыбіскуп нагадаў вернікам жыццёвы шлях гэтага святога. Рох нарадзіўся ў Францыі і жыў у XIV-XV стагоддзях. Пасля смерці бацькоў распрадаў іх маёнтак і раздаў бедным, а сам накіраваўся ў Рым. Па дарозе ў Вечны горад яго напаткала эпідэмія чумы, і ён апекаваўся хворымі на гэтую заразную хваробу. Потым на працягу трох гадоў ён жыў у Рыме, дзе здзейсніў шмат цудоўных аздараўленняў, аднак сам захварэў на чуму. Па дарозе ў Францыю ён укрыўся ў лесе, каб не заразіць іншых. Там яго знайшоў сабака, які прынёс яму ежу. Святы Рох цудоўным чынам вылечыўся з хваробы чумы, аднак на мяжы паміж Італіяй і Францыяй быў затрыманы як італьянскі шпіён. Памёр ён у вязніцы. Яго культ распаўсюдзіўся вельмі хутка. Святы з’яўляецца апекуном ад заразных хваробаў, апекуном шпіталяў, аптэкараў, урачоў, земляробаў, брукароў, вязняў.
Нагадваючы ўдзельнікам урачыстасці, што Нарач вядомая як курорт, а на курорце людзі лечацца ад розных хваробаў і ўмацоваюць здароўе, Мітрапаліт пажадаў нарачанскай парафіі, каб прадстаўніцтвам святога Роха яна стала месцам духоўнага лячэння і ўмацавання веры і хрысціянскіх цнотаў. “Няхай стралістыя вежы нарачанскага касцёла дапамагаюць парафіянам і ўсім, хто яго наведвае ці праходзіць побач, узняць свой позірк да Бога, які асвячае зямны шлях чалавека”, - пажадаў арцыпастыр. (AG)
|