15 жніўня 2014 г. у парафію Святой Тройцы ў Клецку быў вернуты абраз святога Роха. Гэты адметны дзень у парафіі супаў з урачыстасцю Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.
Раней абраз святога Роха знаходзіўся ў капліцы, якая належала гэтай парафіі, у вёсцы Салаўі Клецкага р-на. У маі 1939 г. савецкія актывісты хацелі забраць абраз з капліцы. Даведаўшыся пра гэта, парафіяне ноччу забралі яго, каб не дапусціць прафанацыі, і схавалі дома ў спадара Дамашэвіча. Калі ён разам са сваёй сям’ёй выязджаў у Польшчу, то перадаў абраз сям’і Рыпінскіх.
Абраз знаходзіўся ў доме Рыпінскіх даволі доўга, схаваны ў шафе, а пазней на гарышчы. Спачатку была надзея на адбудову знішчанай капліцы ў Салаўях, але гэта не атрымалася, і было прынята рашэнне вярнуць абраз касцёлу. У той час у Клецку не было касцёла, таму сям’я Рыпінскіх перадала абраз у касцёл у Нясвіжы. Нарэшце, пасля атрымання дазволаў і вырашэння неабходных фармальнасцяў, абраз быў перададзены парафіі Святой Тройцы ў Клецку.
На сённяшні дзень рэлігійнае жыццё на Клеччыне добра развіваецца, у Клецку дзякуючы намаганням місіянераў Святой Сям’і пабудавана новая велічная святыня, у якой абраз святога Роха зойме сваё пачэснае месца. Для парафіі гэты абраз з’яўляецца каштоўнай рэліквіяй, якая злучае пакаленні, сведкам захавання вернасці Хрысту і Яго Касцёлу на гэтых землях.
На ўрачыстасці ў Клецку прысутнічалі святары з суседніх парафій, а таксама дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, які прамовіў гамілію і падзякаваў, асабліва старэйшаму пакаленню, за захаванне веры і за добрае сведчанне.
На заканчэнне Эўхарыстыі па традыцыі былі асвячаны першыя плады зямлі. (AG)
|