Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Імша за ахвяраў разні ў Іраку і аб міры ў гэтай краіне адбылася ў мінскім архікатэдральным касцёле
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
19.08.2014 00:20

18 жніўня 2014 г. у мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася святая Імша за ахвяраў разні ў Іраку і аб міры ў гэтай краіне. Імшу ўзначаліў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

Эўхарыстыю канцэлебраваў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. На яе прыбылі намеснік Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Уладзімір Ламека, які прысутнічаў ад імя Ураду Рэспублікі Беларусь, кіраўнік Аддзела адукацыі і катэхізацыі Мінскай епархіі протаіерэй Аляксандр Шымбалёў, які прадставіў Беларускую Праваслаўную Царкву, прадстаўнікі дзяржаўнай улады, дыпламатычнага корпуса, святары, кансэкраваныя асобы і ўсе тыя, хто пажадаў духоўна выразіць салідарнасць з іракцамі і ўзняць голас, каб пераламаць абыякавасць свету і маліцца аб міры.

Папа Францішак працягвае звяртаць увагу вернікаў і няверуючых на разню, якая адбываецца ў Іраку, з нечуванымі зверствамі, сярод ахвяраў якой таксама шмат дзяцей. Хрысціянская супольнасць, якая жыве ў Іраку даўжэй, чым існуе іслам у гэтай краіне, упершыню ў гісторыі масава пакідае Ірак разам з прадстаўнікамі іншых рэлігійных меншасцяў. Многія з іх паміраюць ад голаду і смагі ў пустыні. Перад абліччам гэтых жахаў міжнародная супольнасць здаецца паралізаванай. Таму Пантыфік папрасіў усіх Апостальскіх Нунцыяў сенсібілізаваць урады краін і дыпламатычны корпус.

Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, звяртаючыся да прысутных, адзначыў у гаміліі, што ў гэты дзень іх збірае ў мінскім архікатэдральным касцёле «вельмі сумная падзея: масавае забойства, якое здзяйсняецца ў Іраку ў імя Бога».

Разважаючы над літургічным чытаннем пра забойства Абэля Каінам, якое прагучала падчас Імшы, прадстаўнік Святога Айца назваў яго «аповедам пра першае забойства ў гісторыі чалавецтва», і гэтае забойства звязана з рэлігіяй. «На працягу стагоддзяў рэлігіі часам забівалі людзей, думаючы дагадзіць гэтым Богу. Таксама тыя, хто быў супраць рэлігіі, забівалі людзей, думаючы даказаць, што Бога няма. Не існуе ні якаснай, ні колькаснай розніцы паміж гэтымі грахамі», - дадаў іерарх.

Сёння, па словах арцыбіскупа, «мы абавязаны крычаць: не забівайце ў імя Бога!» «Нам здавалася, што пасля такога доўгага часу хаця б веруючым павінна быць зразумела, што забойства – гэта блюзнерства, гэта непрыняцце Божай любові. Калі Бог любіць кожную чалавечую істоту, як жа можна забіць стварэнне рук Божых? – спытаў прадстаўнік Папы. – Але сёння мы зноў тут, каб сведчыць аб тым, што нічога не змянілася. Мы ўсё яшчэ ганарымся нашым прагрэсам, нашымі правамі чалавека, веліч якіх мы спасцігалі на працягу стагоддзяў. Але мы бачым, што наш прагрэс, нашы правы чалавека патаптаны, адкінуты…»

«Мы знаходзімся тут, каб прызнаць наш сорам», - дадаў Апостальскі Нунцый, падкрэсліўшы, што забойства пачынаецца «не ў момант самога злачынства», а «з пераканання ў тым, што мы не нясем адказнасці». «Мы думаем, што гэта адбываецца далёка, што гэта група звар'яцелых людзей. Не, гэта ўсё не так проста. Мы нясем адказнасць. Дапускаць разню – тоесна ўдзелу ў ёй», - патлумачыў арцыбіскуп і адзначыў, што ў апошнія дні міжнароднае маўчанне было «вельмі красамоўным», і гэтае маўчанне «з'яўляецца кампанентам разні».  

Кажучы пра прыклад такой разні, іерарх прывёў цытату з заявы Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу, старшынёй якой з'яўляецца кардынал Жан-Луі Таран, які год таму прысутнічаў у Беларусі як легат Папы для ўдзелу ва ўрачыстасцях 400-годдзя прыбыцця цудатворнага абраза Маці Божай у Будслаў.

Апостальскі Нунцый падкрэсліў, што «мы ўсе нясем адказнасць, таксама як нясем адказнасць за злачынствы, здзейсненыя ў мінулым у імя Бога або ў імя атэістычнай ідэалогіі», і адказ на рытарычнае пытанне Бога, зададзенае Каіну ў фрагменце Кнігі Быцця пра забойства Абэля, будзе такі: «Так, я вартаўнік брату майму, таму што ён мой брат. Таму што я, ты, усе адказваем за ўсіх» - а менавіта ў дадзены момант «за працяглае аглушальнае маўчанне палітыкаў і дыпламатаў або за грошы, якія зарабляюцца на спекуляцыі целамі ахвяраў і рабстве».

«Дазвольце і нам выказаць салідарнасць, бо і мы кожны дзень узносім малітвы, каб у свеце панаваў мір, супакой, любоў», - сказаў напрыканцы Імшы протаіерэй Аляксандр Шымбалёў ад імя Беларускай Праваслаўнай Царквы. «Крыўда ўсялякага чалавека – гэта крыўда Бога, - адзначыў святар. - Мы, хоць знаходзімся на вялікай адлегласці ад Ірака, павінны маліцца за яго народ, за мір… А акрамя малітвы, павінны ў нашым жыцці захоўваць мір і спакой, сваім прыкладам паказваць, што мы сапраўдныя дзеці Божыя».

«Апостальская Сталіца заклікае ўсіх людзей і міжнародныя арганізацыі не маўчаць, заклікае да таго, каб гучаў голас праўды», - нагадаў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Арцыпастыр заахвоціў вернікаў памятаць у малітве «тых, каго сёння пераследуюць, чыя нявінная кроў праліваецца». «Няхай такі цуд станецца, каб ніколі не было ў сучаснай гісторыі Каінаў, якія забіваюць сваіх братоў Абэляў, - пажадаў іерарх. - Мы ўсе браты, усе створаны на Божае падабенства».

Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці на заканчэнне падзякаваў усім за прысутнасць і малітву і, у прыватнасці, падкрэсліў: «У гэтай вайне мы ўсе ахвяры. Той голас, які мы сёння ўзнялі – гэта прагненне і малітва, каб на ўсёй зямлі, ва ўсіх яе месцах быў супакой. Бо нават там, дзе пакутуе адзін чалавек, у ім пакутуе ўсё чалавецтва».
 

Падрыхтавала Анастасія Грышан

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.