Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Налібаках адзначылі 20-годдзе з часу кансэкрацыі парафіяльнай святыні
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
24.08.2014 13:56

24 жніўня 2014 г. у парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Налібаках святкавалася 20-годдзе з часу кансэкрацыі адбудаванага касцёла і парафіяльная ўрачыстасць святога Барталамея. Святую Імшу ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

Гамілію прамовіў кс. Аляксей Раманчук, пробашч парафіі ў Барысаве, выкладчык Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску.

Біскуп Антоні Дзям’янка, звяртаючыся да прысутных, адзначыў у прывітальным слове: “20-годдзе кансэкрацыі касцёла – дата для нас вельмі важная з многіх прычын”. Іерарх нагадаў, што парафія ў Налібаках - адна са старэйшых у рэгіёне, паўстала яна хутка пасля хрышчэння Літвы. “Нашыя продкі маліліся і моляцца да Бога ў Тройцы Адзінага на гэтым месцы больш за 5 стагоддзяў”, - дадаў пінскі ардынарый. Гэты касцёл, як узгадаў біскуп, кансэкраваў кардынал Казімір Свёнтэк, тагачасны Мітрапаліт Мінска-Магілёўскім, стагоддзе нараджэння якога адзначаецца сёлета.

“Аднаўленне касцёла для вас было выкананнем волі вашых продкаў, якія падчас трагічных падзей Другой сусветнай вайны не змаглі рэалізаваць свой духоўны высілак па ўзвядзенні новай мураванай святыні замест драўлянай”, - дадаў іерарх. Біскуп прыгадаў, што, як сведчаць касцёльныя дакументы, будаўніцтва святыні пачаў у 1935 г. кс. прэлат Юзаф Байка. Да вайны, па словах біскупа, былі ўзведзены муры новай святыні, але вайна зрабіла жудаснае спусташэнне. Загінуў пробашч - будаўнік касцёла, вікарый, загінулі многія парафіяне, летам 1943 г. была вынішчана большасць мясцовасцяў, а жыхары вывезены на працы ў Германію альбо змешчаны ў канцэнтрацыйны лагер Трасцянец. Нямногія выратаваліся ў лясах і балотах Налібоцкай пушчы.

“Лёс тых, хто быў вывезены, быў розны. Яны пасля вайны апынуліся ў розных краінах і на розных кантынентах. Налібачан і іх патомкаў можна спаткаць у Злучаных Штатах, Канадзе, Аўстраліі, Польшчы, - адзначыў біскуп Антоні Дзям’янка. - Не толькі памяць аб няскончаным будаўніцтве святыні засталася ў іх, але і пачуццё недакончанай справы. І калі настала перабудова, з усіх канцоў свету налібачане дапамагалі ў завяршэнні будаўніцтва рознымі спосабамі”. Так пасля 50-гадовага перапынку, дадаў іерарх, была завершана будаўніцтва гэтага касцёла, куды на працягу апошніх гадоў прыбылі таксама новыя элементы ўнутранага ўбранства.

“Сёння мы дзякуем Богу за святыню, за першага кардынала Беларусі, за святароў, сярод якіх шматгадовы душпастыр стаўбцоўскага рэгіёна кс. прэлат Люцыян Хмелявец, 100-годдзе народзін якога сёлета таксама мы адзначаем”, - сказаў біскуп. Іерарх пажадаў, каб “Бог даў памерлым духоўным асобам, будаўнічым і душпастырам, свецкім людзям, якія будавалі касцёл, вечны супакой, а жывым, тым, хто пераступае сёння парог святыні, - патрэбныя дары і ласкі, духоўны спакой, неабходныя для рэалізацыі задання ў жыцці, да якога Бог нас паклікаў, каб, узорна яго выканаўшы, мець радасць спаткання з Панам”.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.