Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Рэкалекцыі для дзяцей і моладзі Вілейскай парафіі прайшлі ў Будславе |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
25.08.2014 11:23 |
З 18 па 23 жніўня дзеці і моладзь Вілейскай парафіі сабраліся “ў гасцях” у Маці Божай Будслаўскай на час духоўных практыкаванняў. Падобныя рэкалекцыі ў Будславе перад пачаткам навучальнага года сталі ўжо добрай традыцыяй Вілейскай парафіі. Дзеці і моладзь на працягу ўсяго года чакаюць гэтых незвычайных дзён, праведзеных побач з Нябеснай Матуляй у Будслаўскім Санктуарыі. У гэтым годзе 36 дзяцей рознага ўзросту разам вучыліся быць добрымі людзьмі і сапраўднымі хрысціянамі. Рэкалекцыі праводзіў ксёндз-пробашч парафіі Аляксандр Барыла. Штодзённа ўдзельнікі рэкалекцый перажывалі Эўхарыстыю,разважалі падчас канферэнцый, слухалі Божае Слова, маліліся праз заступніцтва Божай Маці падчас таямніц Ружанца ці стацый Крыжовай дарогі. Старажытнае прыслоўе кажа, што добры хрысціянін «і да танца і да Ружанца»,таму кожны дзень апрача малітвы быў напоўнены вясёлымі спевамі, танцамі і рознымі цікавымі забавамі. Дзеці і моладзь мелі магчымасць праявіць свае таленты ў незвычайных спартыўных спаборніцтвах і казачных тэатральных пастаноўках. Кожны дзень удзельнікі рэкалекцый скончвалі гімнам да Маці Божай Будслаўскай, які спявалі стоячы ў коле, у цэнтры якога знаходзіўся алтар з цудоўным абразом Божай Маці. Незвычайным стаў вечар у чацвер, калі ў Будслаў з’ехаліся «выпускнікі» гэтых рэкалекцый, якія ў свой час таксама прыязджалі сюды ў якасці ўдзельнікаў. Некаторыя прыехалі ўжо разам са сваімі сем’ямі і маленькімі дзецьмі, а святую Імшу ў гэты вечар цэлебраваў адзін з такіх «выпускнікоў» кс. Кірыл Бардонаў. Рэкалекцыі ў Будславе сталі ў пэўным сэнсе школай хрысціянскага жыцця і малітвы як для самых маленькіх удзельнікаў, якія хутка працягнуць навуку ў пачатковай школе, так і для моладзі, якая скончыла школу і ў Божае Імя пачынае сваё студэнцкае жыццё. Кацярына Дурко
|
Фотарэпартаж |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.