Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Гомелі запланавалі «Тыдзень без абортаў» да Дня Маці
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
29.08.2014 11:45
13-19 кастрычніка чакаецца правядзенне акцыі «Тыдзень без абортаў» ў Гомелі, якая будзе прымеркавана да Дня Маці.Упраўленне аховы здароўя Гомельскага аблвыканкама распрацавала праект загаду аб правядзенні акцыі, абмеркаванне якога адбылося 28 жніўня, паведамляе katolik-gomel.by.

У працоўную групу па падрыхтоўцы акцыі Упраўленнем аховы здароўя былі запрошаны актывісты грамадскага аб'яднання «Выратаванне немаўлятаў», пробашч рымска-каталіцкай парафіі айцец Славамір Ласкоўскі і работнікі цэнтра абароны мацярынства і дзяцінства «Ладушкі». Чакаецца, што да правядзення акцыі падключыцца таксама праваслаўнае духавенства.

Удзельнікі рабочай групы абмеркавалі інфармацыйнае суправаджэнне акцыі і ўнеслі свае прапановы ў праект загаду. Плануецца, што «Тыдзень без абортаў» пройдзе ва ўсіх жаночых кансультацыях Гомельскай цэнтральнай гарадской паліклінікі, у гарадскіх паліклініках №1-4, у бальніцы хуткай дапамогі, абласной клінічнай бальніцы і медыка-генетычным цэнтры «Шлюб і сям'я». На працягу тыдня ва ўсіх медыцынскіх установах Гомеля не будуць рабіць аборты, выключэнне складзе перапыненне цяжарнасці па паказу лекара.

Мерапрыемства накіравана на фарміраванне станоўчага стаўлення моладзі да цяжарнасці, усвядомленага мацярынства і бацькоўства. Дарэчы, тыдзень без абортаў не парушае правы жанчыны. Гэта тыдзень цішыні, які дае жанчыне магчымасць добра падумаць і прыняць рашэнне. Аднак акцыя не распаўсюджваецца на тыя сітуацыі, калі аборт неабходна тэрмінова правесці па медыцынскіх паказаннях.

Падчас правядзення акцыі плануецца яе рэклама і суправаджэнне ў СМІ і на білбордах, правядзенне медычнай канферэнцыі, праца «гарачай лініі», стварэнне спецыялізаваных інтэрнэт-старонак, вулічныя акцыі ля гомельскіх гіпермаркетаў з раздачай інфармацыйных матэрыялаў.

Каля 20 чалавек будуць забяспечваць суправаджэнне акцыі ў медустановах, размаўляючы з жанчынамі, якія маюць намер рабіць аборт. Да акцыі плануюць падключыць таксама інтэрнаў і валанцёраў медуніверсітэта.

Па выніках першага «Тыдня без абортаў» будзе абмяркоўвацца правядзенне другой аналагічнай акцыі да 25 снежня, калі Божае Нараджэнне адзначаюць католікі і пратэстанты, а таксама магчымасць правядзення «Тыдня без абортаў» у раённых цэнтрах Гомельскай вобласці.
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.