Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У капліцы архідыяцэзіяльнай курыі адбылася Імша для семінарыстаў на пачатак навучальнага года
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
04.09.2014 15:45

4 верасня 2014 г. у капліцы курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі адбылася святая Імша для семінарыстаў з нагоды пачатку новага навучальнага года. Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

У гаміліі Мітрапаліт звярнуўся да тэксту Евангелля на чацвер ХХII Звычайнага тыдня аб цудоўным улове рыбы. Арцыпастыр нагадаў, што Пётр быў дасведчаным рыбаком і ведаў, калі можна лавіць рыбу і калі з гэтага нічога не выйдзе; ведаў таксама, што днём рыба зазвычай не ловіцца, бо ў палесцінскім клімаце горача і рыба ідзе на дно. Таму на прапанову Езуса адплысці на глыбіню і закінуць сеткі Пётр адказаў, што яны лавілі ўсю ноч і нічога не злавілі. Аднак па загадзе Езуса ён закідвае сеткі, і ў выніку ўлоў быў такі вялікі, што сеткі рваліся. Пётр быў настолькі збянтэжаны гэтым, што прасіў Езуса адысці ад яго, бо адчуваў сябе грэшным; Езус жа, як бачна з Евангелля, не зважаў на яго пратэсты і толькі сказаў: “Не бойся, ідзі за Мной, бо адгэтуль будзеш лавіць людзей”.

Арцыпастыр падкрэсліў, што гэты евангельскі тэкст з’яўляецца фундаментальным у справе паклікання да святарства. “Калі Бог кліча, то Ён і дапамагае, - адзначыў Мітрапаліт. - Усе мы маем нейкі свой досвед і думаем па-свайму. Вельмі часта пры гэтым мы плюхаемся на мелі. Езус, аднак, хоча, каб тыя, каго Ён паклікаў да святарства, выплылі на глыбіню - гэта значыць прысвяцілі сябе духоўным справам”. “Душа чалавека - поцемкі, як кажа прыказка. Гэта сапраўдная глыбіня, у якую неабходна закінуць сеткі Евангелля, каб чалавек трапіў у іх і не загінуў. Святы Ян Павел ІІ на пачатку 3-га тысячагоддзя звярнуўся да нас з заклікам адплысці на глыбіню. Гэта заданне, якое стаіць перад Касцёлам у наш час”, - дадаў арцыбіскуп.

Звяртаючыся да семінарыстаў, іерарх сказаў, што Езус паклікаў іх, каб у семінарыі яны рыхтаваліся стаць лаўцамі чалавечых душ, бо яшчэ так шмат людзей не ведае Евангелля.

Мітрапаліт нагадаў, што гэты навучальны год распачынаецца ў год юбілею 100-годдзя нараджэння легендарнага кардынала Казіміра Свёнтка, які адрадзіў духоўную семінарыю ў Пінску і сваім жыццём пацвердзіў вернасць святарскаму пакліканню. “Сёння, дзякуй Богу, няма знешняга пераследу веры, але ёсць маральны. Імкненне жыць так, як хочацца, без захоўвання Божага права, жаданне яго адмяніць, забарона хрысціянскіх сімвалаў, прыняцце не згодных з духам Евангелля законаў – гэта новы пераслед хрысціянства”, - заўважыў арцыпастыр і дадаў, што таму “неабходна быць адпаведна падрыхтаванымі, каб у такіх умовах вучыць людзей нязменным праўдам Евангелля і дапамагаць ім захаваць сваю хрысціянскую ідэнтычнасць”.

Мітрапаліт пажадаў семінарыстам, каб “добры Бог паспяхова завяршыў добрую справу, якую распачаў”, што будзе залежаць таксама і ад іх саміх, ад іх адкрыцця на працэс фармацыі і ўдзелу ў ім.

Пасля Імшы іерарх сустрэўся паасобна і разам з усімі семінарыстамі. У сустрэчы ўдзельнічаў адказны за семінарыстаў кс. прэлат Эдмунд Даўгіловіч.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.