Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Парафіяльная ўрачыстасць у мінскай катэдры: казаць адно аднаму «так», як Марыя сваё «fiat» Богу |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
13.09.2014 13:21 |
«Сказаўшы “так” адно аднаму, як Марыя “fiat”, вы сказалі сваё “так” Богу», – звярнуўся да сужэнскіх пар Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падчас святой Імшы ва ўспамін Найсвяцейшага Імя Марыі 12 верасня ў архікатэдральным касцёле Мінска.
На парафіяльнае свята ў мінскай катэдры, якая носіць тытул Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, існуе традыцыя запрашаць пары, якія атрымалі на працягу мінулага года сакрамэнт сужэнства ў гэтым касцёле. Як паведаміў кс. Віталій Бурко, вікарый катэдры, за 2013 год было заключана 108 шлюбаў. На ўрачыстае аднаўленне сваіх шлюбных абяцанняў, якое адбылося падчас святой Імшы, прыйшлі, вядома, не ўсе пары. Але прысутныя сужэнцы размясціліся па цэнтры катэдры — ад прэзбітэрыума да канца ўваходных дзвярэй — і, стоячы насупраць адно аднаго, паўтаралі словы вернасці перад сабою, людзьмі і Богам. І на пачатку святой Імшы, і ў гаміліі, і напрыканцы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў маладыя сем’і быць фундаментам беларускага грамадства і ў сваім жыцці браць прыклад з Маці Божай: «Перад вамі прыклад Марыі – Яе прыгажосць душы... Марыя ж – гэта тая, якая дала свету Радасць. Нясіце радасць у нашае грамадства, каб яно ўжо па вашаму прыкладу казала “так” Богу». Таксама іерарх параўнаў Маці Божую з пасрэдніцай, якая дапамагае ў прымірэнні чалавека з Богам. Закранаючы пытанне прымірэння, арцыпастыр не абмінуў увагай суседняй Украіны, якая таксама патрабуе пасрэднікаў, якія б маглі прымірыць грамадства як унутры краіны, так і знешне, а галоўнае - прымірыць народ з Богам. Пасля Імшы маладыя сем’і былі запрошаны на прыкасцёльную тэрыторыю, дзе маглі пазнаёміцца і паразмаўляць паміж сабою і са святарамі. Падчас гэтай сустрэчы сям’я з 15-гадовым стажам, Ганна і Павел Баярчукі, запрасілі ўсіх ахвотных да ўдзелу ва ўікэндзе для сужэнскіх пар. Такія мерапрыемствы праводзяцца перыядычна рухам “Сужэнскія сустрэчы”, а бліжэйшыя запланаваны на 10-12 кастрычніка. Сужэнскае "так" у штодзённым сямейным жыцці Падчас гэтай неафіцынай сустрэчы некаторыя сужэнцы падзяліліся сваімі думкамі ў працяг тэмы, якая была закранута ў гаміліі Мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам, адказваючы на пытанне: “Што значыць у вашым сямейным жыцці працягваць казаць адно аднаму «так?» Аляксандр і Таццяна Савіцкія (дата складання свайго “так” перад Богам – 17 жніўня 2013 года). Аляксандр: «Ісці на сустрэчу, уступаць, падтрымліваць, давяраць – гэта для мяне, а для цябе? (звяртаецца да жонкі) Таццяна: «Для мяне ж гэта дапамога, узаемадапамога, вялікі давер і надзеі на будучыню». — Якое значэнне мае ў вашым жыцці сакрамэнт сужэнства? — пытаюся ў сужэнцаў далей. Таццяна: «Гэта не проста абяцанне, а абавязак да шмат чаго. Па-першае, да адказнасці за іншага чалавека. Калі ты даў абяцанне вернасці ва ўсім, то гэта абавязвае да таго, што ты асэнсоўваеш кожны свой учынак. Я лічу, што сакрамэнт сужэнства павінен быць абавязковым. Тут не трэба нават задумвацца: прымаць альбо не прымаць. Гэта абавязкова. Праз яго ты паказваеш сваю веру, што і сям’я будзе больш моцнай, і давер да чалавека, які побач». Аляксандр: «Калі людзі прымаюць рашэнне адкрыцца перад Богам, то яны прыйшлі да гэтага свядома. Гэта значыць, што чалавек ужо ўсвядоміў, што ён сапраўды адказвае за ўсе свае ўчынкі, што мае абавязак перад кімсьці іншым. Я магу сказаць, што да гэтага прыйшоў, я ведаю, што я адкрыты перад чалавекам і гатовы рабіць добрыя ўчынкі, заўсёды думаю пра тое, што я чалавеку паабяцаў, што ніколі яго не пакрыўджу». Для сям’і Клімавых, Марыны і Андрэя (23 лютага 2013 года сталі перад Богам як муж і жонка), «так» у штодзённым жыцці – гэта: Марына: «Ісці на кампрамісы, прытрымліваць сваю пыху, казаць “так”, калі не хочацца альбо штосьці зрабіць, альбо пайсці разам з мужам. А значэнне сакрамэнту сужэнства — гэта як застрахаваць сваё жыццё, сваё каханне, яго падтрымаць, застрахаваць сваю сям’ю». Антон і Аляксандра Давыдавы (11 ліпеня 2013 года прынялі сакрамэнт сужэнства): Антон: «Гаварыць адно аднаму “так” – дапамагаць адно аднаму знаходзіць выйсце са штодзённых праблем, якія не могуць не здарацца ў жыцці, з якіх увесь час лягчэй выходзіць разам. Таму, калі ты кажаш сваёй жонцы “так”, нават калі лічыш, што яе меркаванне не ладкуецца з тваім, - калі кажаш “так”, то ўсё роўна знойдзеш выйсце». - Якое значэнне мае сакрамэнт сужэнства для вас? Антон: «Зарэгістраваны шлюб – гэта дамова з грамадствам, але гэта не ёсць дамова з Богам, таму, калі шлюб для пары – гэта дзень, які яны лічаць не проста днём, а сваім важным крокам у асабістым жыцці, то абавязкова трэба паяднаць свае адносіны яшчэ і з Богам, а не толькі з грамадствам». Аляксандра:«Не ўсе пары, якія бяруць шлюб, думаюць аб значэнні гэтай падзеі. Многія думаюць, што паспрабуюць, а калі штосьці не атрымаецца, то змогуць разбегчыся і ніхто не будзе абавязваць усё жыццё быць разам. А вось калі чалавек вырашае абвянчацца, то ён разумее, што гэта на ўсё жыццё. У гэтым выпадку ён будзе зусім па-іншаму ацэньваць тое, ці варта заставацца з гэтым чалавекам, правесці з ім усё сваё жыццё. І гэта вялікая адказнасць». Аксана Ючкавіч |
Фотарэпартаж |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.