13 верасня 2014 г. у Івянцы прэзбітэрскае пасвячэнне прыняў дыякан Яўген Голуб OFMConv. Пасвячэнне ўдзяліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Мітрапаліт адзначыў, што назва “Івянец” усё часцей з’яўляецца на старонках часопісаў, газет і ў інтэрнэце - гэта найперш звязана з той актыўнасцю, якая праводзіцца ў парафіі, асабліва ў фармацыі моладзі: малітоўныя сустрэчы маладых людзей, музычная майстэрня, канікулы з Богам, фармацыйныя сустрэчы.
Іерарх адзначыў таксама, што духоўны стан гэтых земляў даўно звязаны з прысутнасцю і дзейнасцю францішканаў, і ў гэты дзень іх супольнасць павялічваецца яшчэ на аднаго святара. Дадзенае прэзбітэрскае пасвячэнне арцыпастыр назваў узбагачэннем як ордэна францішканаў, так і Касцёла ў Беларусі.
Мітрапаліт падзякаваў бацькам дыякана Яўгена Голуба за яго хрысціянскае выхаванне, падзякаваў айцам францішканам, якія сваім служэннем Богу і Касцёлу адкрылі перад ім прыгажосць харызмы святога Францішка.
Арцыпастыр нагадаў таксама пра заданні святара, якімі з’яўляюцца абвяшчэнне Божага слова, асвячэнне людзей і будаванне хрысціянскай супольнасці.
Поўны тэкст гаміліі>>>
«Бог цябе паклікаў да святарства ў супольнасці францішканаў, паклікаў у час, калі ў Беларусі неабходна адбудоўваць Касцёл і яго ўмацоўваць. Сёння табе, як калісьці святому Францішку, Езус кажа адбудаваць Касцёл», — з гэтымі словамі іерарх звярнуўся да дыякана Яўгена Голуба. Мітрапаліт падкрэсліў, што Касцёл у Беларусі чакае яго, і заклікаў яго быць у харызме святога Францішка «духоўным лекарам сучаснага чалавека» і «вылечыць яго ад цяжкага экалагічнага крызісу душы». (AG)
|