Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Мядзелі адбыліся ўрачыстасці асвячэння Кальварыі і юбілею касцёла (+фотарэпартаж)
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
14.09.2014 18:50

14 верасня 2014 г., у свята Узвышэння Святога Крыжа, у Мядзелі адбыліся ўрачыстасці з нагоды асвячэння Кальварыі і юбілею 260-годдзя касцёла Маці Божай Шкаплернай. Урачыстасці ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Кальварыя ў Мядзелі - адзіная гістарычная Кальварыя, якая дзейнічае па сённяшні дзень у Беларусі. Яна збірала натоўпы людзей з розных мясцін Беларусі, а таксама з-за мяжы.

12 ліпеня гг. адбылося ўмураванне вуглавых камянёў пад адбудову мядзельскай Кальварыі. Урачыстасць узначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. Першы вуглавы камень быў спецыяльна прывезены са Святой Зямлі, з гары Кармэль. Разам з камнем у сцяну будынка быў умураваны сертыфікат з кляштара „StellaМaris” на гары Кармэль, які пацвярджае паходжанне каменя. Другі камень быў прывезены з Зэбжыдоўскай Кальварыі (Польшча), бо мядзельская Кальварыя будавалася на яе ўзор. Камяні былі ўмураваны ва ўваходную Браму Прабачэння.

У межах урачыстасцяў асвячэння мядзельскай Кальварыі адбылося набажэнства Крыжовага шляху, а пасля святая Імша. Звяртаючыся да ўдзельнікаў урачыстасцяў, Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч у гаміліі нагадаў гісторыю гэтай Кальварыі. Яна была пабудавана на пачатку XVIII стагоддзя і асвячана ў 1772 г. У сувязі з неспрыяльнай для Касцёла сацыяльна-палітычнай сітуацыяй у другой палове XIX стагоддзя прыйшла ў занядбанне, а ў 30-х гадах XIX стагоддзя была адноўлена. Падчас Другой сусветнай вайны ў 1942 г. Кальварыя была знішчана і такой заставалася ў часы ганенняў на Касцёл. Толькі ў апошнія часы дзякуючы актыўнасці айцоў кармэлітаў, вернікаў мядзельскай парафіі і грамадскім актывістам Кальварыя, як адзначыў Мітрапаліт, пачала аднаўляцца, пачаліся пілігрымкі на гэтае святое месца, якое “з’яўляецца сведкам багатай і трагічнай гісторыі Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне, яго росквіту, пераследу і адраджэння”.

Кажучы пра свята Узвышэння Святога Крыжа, іерарх нагадаў, што ў гэты дзень Касцёл звяртае ўвагу вернікаў на крыж і на Езуса, які сваёй крыжовай смерцю збавіў чалавецтва. Арцыпастыр адзначыў, што крыж, знак смерці, пасля крыжовай смерці Езуса стаўся “знакам збаўлення і надзеі”, “знакам нашай веры”. Крыж, па словах Мітрапаліта, “дазваляе нам лепей зразумець, якім небяспечным з’яўляецца грэх, калі для яго знішчэння неабходна была смерць Божага Сына”, з’яўляецца “знакам бязмежнай Божай любові і міласэрнасці”, “знакам выконвання Божай волі”.

“Святое Пісанне кажа, што шчаслівы чалавек, які баіцца Бога. Баіцца - азначае што ён жыве паводле Божай волі. Аднак жыць паводле Божай волі нялёгка. Мы добра ведаем дзесяць Божых запаведзяў, якія з’яўляюцца дарожнай мапай шчасця чалавека, але іх не выконваем. Асабліва сучасны чалавек кажа, што Божы закон састарэў, цяпер іншыя часы, неабходна яго паслабенне і нават змена. Усё гэта не што іншае, як адмаўленне выконваць Божую волю. Адсюль бяруцца ўсе крызісы сучаснасці”, - звярнуў увагу Мітрапаліт.

“Крыж нас вучыць згаджацца з Божай воляй. Месца, дзе перасякаюцца гарызантальная і вертыкальная часткі крыжа, якраз і ёсць месцам, дзе воля чалавека супадае з Божай, месцам, якое заклікае нас да жыцця паводле яе. Як Хрыстус збавіў чалавецтва, выконваючы волю свайго нябеснага Айца, таксама і мы будзем шчаслівыя ў гэтым жыцці і збаўленыя, калі будзем жыць згодна з Божым законам”, - падкрэсліў арцыпастыр, дадаўшы, што калі несці жыццёвы крыж разам з Хрыстом, то “ён сапраўды стане для нас знакам збаўлення і надзеі”.

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.