Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У мінскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа адбылася адпустовая ўрачыстасць
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
16.09.2014 15:27

14 верасня 2014 г., у свята Узвышэння Святога Крыжа, адбылася адпустовая ўрачыстасць з нагоды тытулу Кальварыйскага касцёла ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Мінску.

Раніцай вялікая колькасць вернікаў сабралася на святой Імшы, якую цэлебраваў кс. Ян Крэміс, дэкан дэканату Мінск-Усход Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Цэнтрам адпустовых урачыстасцяў стала Імша, якую ўзначаліў дырэктар Дабрачыннага каталіцкага таварыства «Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі кс. Аляксандр Фаміных і ў якой прынялі ўдзел мадэратар супольнасці «Каштоўная Пярліна» руху «Святло-Жыццё» кс. Ірэнэуш Копач, прадстаўнікі малітоўных рухаў, госці з Гарадзеі, Смаргоні, вернікі парафіі Узвышэння Святога Крыжа і іншых парафій Мінска.  

На пачатку Імшы пробашч парафіі кс. Андрэй Сіповіч павіншаваў удзельнікаў са святам, нагадаўшы, што Бог упоўні дакранаецца да нас менавіта праз крыж. Па словах святара, сваёй смерцю Езус Хрыстус ахвяруе нам дар любові Айца, крыж з’яўляецца яе  “інструментам”, і яна павінна разлівацца на ўсіх, хто вакол.

Ксёндз Аляксандр Фаміных адзначыў, што ўрачыстасць у Кальварыйскім касцёле з’яўляецца знакавай для яго асабіста, бо ўпершыню ён прыйшоў у 1992 годзе менавіта сюды. Езус Хрыстус, па словах святара, запрашае ў свой Касцёл кожнага, каб чалавек атрымаў прабачэнне.

У гаміліі кс. Аляксандр Фаміных звярнуў увагу, што зараз свет жыве толькі матэрыяльнымі каштоўнасцямі, купіць можна ўсё – і крыж у тым ліку. Святар прапанаваў задумацца, чым крыж з’яўляецца для чалавека - звычайнай рэччу або сімвалам адкуплення і знакам Божай любові. «Што такое свет? Гэта кожны чалавек паасобку. (...) Бог даў нам свайго Сына, які памёр за людскія грахі на крыжы. Ці можна купіць прабачэнне? Колькі яно каштуе? Не, купіць немагчыма. Бог любіць чалавека бескарысліва. Таму, што сам яго стварыў. І ўзяў за яго адказнасць», - адзначыў святар.

Ксёндз Аляксандр Фаміных дадаў, што крыж з’яўляецца дарогай да Бога Айца, дарогай любові і ахвяры, і мы можам толькі тады годна несці крыж, калі злучаемся з Божай любоўю. Святар прапанаваў, каб урачыстасць у Кальварыйскім касцёле нагадала кожнаму прысутнаму на Імшы, што Бог яго любіць.

Пасля Імшы адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і эўхарыстычная працэсія вакол касцёла.

Потым госці свята – маладыя вернікі парафіі Святога Юзафа з Гарадзеі –прадставілі невялікі спектакль з філасофскім падтэкстам «Забытая Біблія». Выступілі гурты «Сейбіт» і «Laudans», прагучалі песні «Чатыры яблыкі», «Жывая толькі вера», «Здзіўленне», «Удзячнасць».

Анна Харашчо

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.