Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Івянцы адбылася Імша ў інтэнцыі спачылага а. Ежы Леонціюша Сімы
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
18.09.2014 21:52

18 верасня ў касцёле св. Аляксея ў Івянцы адбылася святая Імша ў інтэнцыі спачылага а. Ежы Леонціюша Марыі Сімы OFMConv, які ў 1995-2006 гг. быў пробашчам гэтай парафіі. Святар адышоў у вечнасць 11 верасня. Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

У гаміліі Мітрапаліт выказаў падзяку францішканам і самому спачыламу за адданую працу па адраджэнні Каталіцкага Касцёла на Івянеччыне. Як адзначыў арцыпастыр, айцец Ежы, прыбыўшы ў Беларусь з Польшчы, адзінаццаць гадоў свайго жыцця прысвяціў гэтай справе і пакінуў пасля сябе жывы Касцёл, таму сёння яго былыя парафіяне і іншыя вернікі з удзячнасцю прыйшлі памаліцца ў яго інтэнцыі.

«Святар, як і кожны іншы чалавек, завяршае сваё жыццё, падчас якога вёў вернікаў да Бога. Наш абавязак — маліцца ў яго інтэнцыі. Калі памірае свецкі чалавек, то, як правіла, застаюцца яго блізкія, сужэнец або сужэнка, дзеці, унукі. У святара іх няма, таму нашым абавязкам ёсць яшчэ больш увагі прысвячаць малітве за памерлых святароў, якія сваё жыццё прысвяцілі нам», — сказаў Мітрапаліт.

Па словах арцыбіскупа, смерць святара і жалобныя набажэнствы ў яго інтэнцыі – яшчэ адна нагода задумацца аб незаменнасці святара ў справе збаўлення і аб неабходнасці маліцца ў інтэнцыі святароў. «Успомнім часы ганенняў на веру. Калі паміраў святар, то вернікі знаходзіліся ў вялікай бядзе, бо ніхто не мог замяніць памерлага. Усё гэта вяло да заняпаду рэлігійных практык. Цяпер сітуацыя змянілася, але не настолькі, каб заўсёды можна было знайсці замену памерламу або выехаўшаму па розных прычынах святару», — адзначыў іерарх, дадаўшы, што таму неабходна маліцца аб новых пакліканнях да святарства.

Прыкметна, як заўважыў арцыпастыр, тое, што айцец Ежы адышоў у вечнасць на мінулым тыдні, якраз калі адбылося прэзбітэрскае пасвячэнне а. Яўгена Голуба з Івянца. Мітрапаліт выказаў думку, што, напэўна, у выбары жыццёвага шляху новага святара адыграў вялікую ролю і спачылы а. Ежы.

Распавёўшы аб асноўных заданнях святара – навучаць і асвячаць людзей, а таксама ў любові кіраваць імі, – Мітрапаліт заклікаў да малітвы ў інтэнцыі спачылага і да малітвы аб пакліканнях да святарства і кансэкраванага жыцця, бо «без іх немагчыма паўнакроўная дзейнасць Касцёла як сакрамэнту паўсюднага збаўлення».

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.