Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
На вежы касцёла ў мінскай парафіі Святога Духа ўсталяваны крыж
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
26.09.2014 18:16

26 верасня ў парафіі Святога Духа ў Мінску адбылося асвячэнне і ўсталяванне крыжа на вежы касцёла. Такім чынам завяршыўся чарговы этап будаўніцтва парафіяльнай святыні, вельмі патрэбнай у сталічным мікрараёне Чыжоўка. Таксама быў устаноўлены малы крыж над алтарнай часткай касцёла — яго ўсталяваў сам Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Спачатку на вежы быў змешчаны шпіль, затым на ім устанавілі крыж. Гэты крыж, які знаходзіцца на вышыні 39 м, нагадвае аб сакральнай будове.

Устаноўка суправаджалася адмысловым набажэнствам Божага слова, якое ўзначаліў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. У сваёй прамове іерарх падзякаваў Богу, пробашчу парафіі кс. Яну Крэмісу, будаўнікам і ўсім, хто дапамагае ў будаўніцтве, у тым ліку дзяржаўным уладам, без працы і ахвярнасці якіх, па словах іерарха, не было б таго, што ёсць.

Арцыпастыр адзначыў, што мінскі мікрараён Чыжоўка, акрамя велізарных машына- і трактарабудаўнічых заводаў і іншых прадпрыемстваў, новых супермаркетаў, жылых дамоў і іншай інфраструктуры, а ў апошнія часы і вядомай ва ўсім свеце дзякуючы Чэмпіянату свету па хакеі спартыўнай пляцоўкі «Чыжоўка Арэна», цяпер узбагачаецца новым касцёлам, які будуецца, як пляцоўкай спаткання чалавека з Богам.


Іерарх нагадаў, што калісьці падчас будаўніцтва дома пасля ўстанаўлення страпілаў на іх усталёўвалі крыж і вешалі вянок — гэтым будаўнічыя дзякавалі Богу і прасілі благаслаўлення на завяршэнне працы.

«Сёння мы таксама дзякуем Богу і просім аб благаслаўленні на далейшы этап будаўніцтва», —дадаў арцыбіскуп. Іерарх прыгадаў, як аднойчы яшчэ ў 1991 г. у Маскве да яго прыйшлі студэнты і сказалі: «Мы бачым, як змяняюцца сацыяльна-палітычныя сістэмы, але крыж заўсёды застаецца. Гэта бачна на многіх сакральных будынках, якія былі зачынены і на якіх крыжы, можа, ужо і пахіліліся, аднак яны накіроўваюць наш позірк уверх, на неба, да Бога».

Разважаючы над чытаннем Евангелля, Мітрапаліт адзначыў, што яно распавядае аб тым, што праз крыж чалавек быў збаўлены. «Падчас пераходу з егіпецкай няволі ў Зямлю абяцаную Бог пакараў габрэяў з-за іх непаслухмянасці ядавітымі змеямі. Укус ядавітай змяі вядзе да смерці. Бог сказаў Майсею зрабіць меднага змея і падняць яго ўверх: хто, будучы ўкушаным, паглядзіць на яго, то застанецца жывым. Медны змей у пустыні быў правобразам укрыжаванага Езуса, — патлумачыў арцыпастыр. — Ядавітыя грахоўныя змеі кусаюць нас, і іх укус смяротны, ён пагражае стратай вечнага жыцця. Хто нас уратуе? Толькі крыж».

Традыцыйна касцёлы, як дадаў Мітрапаліт, заўсёды былі самымі высокімі будоўлямі, каб іх крыжы дапамагалі людзям адарваць свой позірк ад зямных спраў і ўзнесці яго да Бога. Па словах іерарха, нягледзячы на тое, што ў наш час будуюцца вышэйшыя за касцёлы будынкі, маральнае значэнне крыжа застаецца. Арцыбіскуп пажадаў сабраным вернікам і ўдзельнікам мерапрыемства па ўсталяванні крыжа, каб крыж касцёла Святога Духа ў Чыжоўцы «дапамагаў людзям не зацыклівацца толькі на зямных справах і скіраваў іх позірк да Бога, у якім наша збаўленне».  

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.