Маці Божую Ружанцовую ўшанавалі ў Ракаве |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
13.10.2014 12:28 |
На працягу ўсяго мінулага тыдня ў парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай (св. Дамініка) у Ракаве асаблівым чынам маліліся на ружанцы. Падчас нядзельнай Імшы пробашч парафіі кс. Дзмітрый Барыла нагадаў пра гісторыю Ружанца і распавёў пра звязаныя з ім цуды ў гісторыі Касцёла. Святар звярнуў асаблівую ўвагу на тое, што прысутнасць Панны Марыі можа адчуць кожны, хто моліцца на ружанцы і сёння. Ксёндз Дзмітрый Барыла заклікаў прысутных падзяліцца сведчаннямі — і першым, хто распавёў сваю гісторыю, стаў мецэнат ракаўскага касцёла Вячаслаў Доўнар. «Калі б не малітва да Маці Божай Ружанцовай, — прызнаўся вернік, — я згубіў бы свой бізнес, а разам з ім і магчымасць дапамагаць нашай парафіі». Супольная малітва вернікаў, першыя словы якой прамаўляліся дзецьмі, і Крыжовы шлях вакол касцёла пад ціхія спевы і шапаценне залатога лісця яшчэ раз засведчылі пра аб’яднальную моц Ружанца на беларускай зямлі. Таццяна Сівец |
Фотарэпартаж |