Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Кармэліты босыя ў Мінску распачалі святкаванне 500-годдзя нараджэння св. Тэрэзы ад Езуса (абноўлена)
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
16.10.2014 16:47

15 кастрычніка, ва ўспамін св. Тэрэзы ад Езуса, панны і доктара Касцёла, кармэліты босыя ў Мінску ўрачыста распачалі святкаванне юбілейнага года 500-годдзя нараджэння святой. Імшу ў мінскай парафіі Божага Цела ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.

У гаміліі іерарх нагадаў пра асобу св. Тэрэзы, звярнуўшы ўвагу, што святасць, пра якую яна казала, магчыма для кожнага чалавека і кожны да яе пакліканы. Да святасці, па словах біскупа, вядзе шмат дарог, і адну з іх паказвае Тэрэза Авільская: хоць гэтая дарога нялёгкая, але і надалей многіх натхняе прыклад яе святасці і яны прымаюць падобны шлях.



Біскуп дадаў, што гэтую святую часта называюць Вялікай Тэрэзай — бо, хоць яна была кармэлітанкай босай, у сціплым хабіце і сандалях, пра яе гавораць так з прычыны той вялікай спадчыны, якую яна пакінула. Святая Тэрэза, адзначыў іерарх, паказала, як трэба маліцца (і яе называюць настаўнікам малітвы), напісала шмат прац, якія дапамагаюць тым, хто распачынае малітву ў думках.

Біскуп падкрэсліў, што ўсё больш людзей сёння звяртаецца да яе прац, каб распачынаць малітву, дзякуючы якой набліжаемся да Бога, і Тэрэза Авільская папулярная і ў сённяшнім свеце, бо прапануе жыццё Евангеллем, якое заўсёды актуальнае і свежае. Таму, па словах іерарха, варта звяртацца да яе спадчыны і прымаць прапанову яе шляху да святасці, на якім з намі заўсёды знаходзіцца Хрыстус — аб гэтым ведала і сама Тэрэза, і адсюль яе ўпэўненасць, што гэты шлях вядзе да святасці.

Пасля Імшы а. Сяргей Трысцень OCD і моладзь прадставілі сабраным спектакль. Праз імпрэзу гледачы маглі перанесціся ў Іспанію, у тыя мясціны, дзе святая Тэрэза нарадзілася, дзе прайшла яе маладосць, дзе яна адкрыла сваё пакліканне; распавядалася, як яна стала законніцай, як стала здольнай бачыць у кожным Бога.

Апошнім пунктам святкавання быў даклад а. Аркадзя Куляхі OCD, прысвечаны св. Тэрэзе.

Урачыстасць стала пачаткам мерапрыемстваў у межах юбілейнага года 500-годдзя нараджэння святой.

Адна з ініцыятыў супольнасці кармэлітаў босых і свецкага закону кармэлітаў босых у Мінску — навучанне малітве ў думках, якая засноўваецца на духоўнай спадчыне св. Тэрэзы ад Езуса. Адпаведныя практычныя заняткі, на якія запрашаюцца ўсе жадаючыя, праходзяць кожны чацвер у 18.00 у капліцы Маці Божай Шкаплернай (вул. Герасіменкі, 6/1) у Мінску.

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.