У Ракаве маліліся за памерлых святароў і ахвяраў войнаў і рэпрэсій |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
|
03.11.2014 13:05 |
«Ёсць традыцыі прыгожыя — іх варта падтрымліваць, — упэўнены пробашч парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай (св. Дамініка) у Ракаве кс. Дзмітрый Барыла. — Такая традыцыя — наведванне могілак з малітвамі, свечкамі і кветкамі».
«Калі ж гаворка пра традыцыі “буджэння памерлых” або калі на магілах пакідаюць ежу ці нейкія рэчы, то ад такіх “традыцый” трэба адмаўляцца і падказваць іншым, каб падобнага не рабілі», — раіць святар.
Падчас Імшы падчас успаміну ўсіх памерлых былі ўзгаданыя не толькі памерлыя сваякі прысутных, але і славутыя асобы нашай Бацькаўшчыны, якія ахвяравалі жыццё і працу дзеля сённяшняй незалежнай Беларусі: Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Кастусь Каліноўскі, Вацлаў Ластоўскі і інш.
Над вялікай працэсіяй, якой у нядзелю ішлі да могілак ракаўскія вернікі, луналі словы шчырай малітвы. А знічы, пакінутыя на магілах, сталіся зыркімі сімваламі веры людзей у перамогу Хрыста над смерцю. Таццяна Сівец
|
Фотарэпартаж |