8 лістапада ў касцёле св. Міхала Арханёла ў Івянцы адбылася святая Імша ў першую гадавіну трагічнай смерці айца Андрэя Ахрэма OFMСonv. Імшу цэлебраваў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Айцец Андрэй Ахрэм, які загінуў у аўтакатастрофе 4 лістапада 2013 г., быў пахаваны побач з івянецкім касцёлам.
У Імшы прынялі ўдзел святары, кансэкраваныя асобы, бацькі і блізкія а. Андрэя Ахрэма.
«Сёння мы пытаемся: чаму ў сіле веку памёр малады святар? Чаму подых смерці згасіў агонь маладога жыцця ў момант, калі ніхто гэтага не чакаў, калі Касцёл ускладаў на яго вялікую надзею? Сонца жыцця святара яшчэ не дайшло да поўдня і згасла. Такога развіцця падзей ніхто не чакаў, — сказаў у гаміліі падчас Эўхарыстыі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. — Нават калі памірае стары і вельмі хворы чалавек, то кажам, што ён яшчэ мог бы пажыць. Аднак смерць маладога чалавека ўспрымаецца асабліва балюча, бо яна перакрэслівае ўсе надзеі, якія ўскладаліся на яго. Кім ён мог бы быць для бацькоў, для Касцёла, для Айчыны?»
Па словах арцыпастыра, адказ на такія пытанні дае Бог у кнізе прарока Ісаі. «Бог кажа, што Яго думкі не з’яўляюцца нашымі і нашыя дарогі — не Ягоныя. Кожная смерць з’яўляецца таямніцай. З ёй звязана шмат пытанняў, на якія мы не можам даць адказ, бо ў чарговы раз паўстае пытанне: чаму Бог так хутка забраў жыццё маладога чалавека? Чаму забраў жыццё яшчэ новапрэзбітэра а. Андрэя, якое патрэбна было бацькам, Касцёлу, францішканскаму закону і грамадству? Калі шукаем адказ, на думку прыходзяць словы Ёва, які за адзін дзень страціў у няшчасным выпадку сем сыноў і тры дачкі. Менавіта Ёў сказаў: што Бог даў, тое Бог і забраў», — адзначыў Мітрапаліт.
Іерарх дадаў: «Заўсёды неабходна памятаць, што Бог нас любіць больш, чым мы самі сябе. Ён таксама лепш ведае, што для нас лепш — доўгае жыццё ці кароткае. З пункту гледжання вечнасці кароткае жыццё можа быць Божым благаслаўленнем, хоць чалавечым розумам і нашымі пачуццямі гэта цяжка зразумець». «Сёння, калі адзначаем першую гадавіну смерці айца Андрэя, мы павінны толькі згадзіцца з Божай воляй і адначасова зразумець, што такі малады святар дасягнуў дасканаласці, каб сустрэцца з нашым нябесным Айцом», — адзначыў арцыбіскуп.
Мітрапаліт дадаў, што «кожнае пахаванне святара ці Імша ў інтэнцыі памерлага слугі алтара — гэта свайго роду рэкалекцыі», і яны «нагадваюць нам евангельскую праўду заўсёды быць гатовымі, бо не ведаем ні дня і ні гадзіны, калі Бог нас пакліча». «Адзіная рэч, якую мы павінны мець — гэта вера, бо без яе няма збаўлення. Калі мы аб гэтым забыліся, то дастаткова пайсці на могілкі, каб апамятацца», — звярнуў увагу іерарх.
«Айцец Андрэй адышоў да Бога, але хтосьці павінен яго замяніць, — нагадаў арцыпастыр і звярнуўся з заклікам да моладзі: — Паглядзі, малады чалавек, можа, Хрыстус глядзіць якраз на цябе, можа, пытаецца ў цябе, чаго ты шукаеш, бо спадзяецца, што і ты пойдзеш і застанешся з Ім».
«Айцец Андрэй, ты вылучаўся пошукам праўды, бо хацеў ёю жыць і яе абвяшчаць людзям. Для гэтага ты меў адпаведныя таленты і іх не марнаваў. Працаваў нядоўга, але плённа. Колькі людзей, дзякуючы тваёй паслузе, атрымала ласку Божай міласэрнасці, кленчучы пры канфесіянале, удзельнічаючы ў Імшы, якую ты цэлебраваў, проста сустракаючыся з табой. (…) Ты не прамовіў шмат гамілій, бо святаром быў толькі некалькі месяцаў, але казанне твайго жыцця тут ведаюць усе. За гэта дзякуе табе Касцёл у Беларусі і ордэн францішканаў, дзякуе і моліцца, каб Бог быў табе ўдзячны і прыняў у вечнае валадарства», — сказаў Мітрапаліт. Поўны тэкст гаміліі>>>
Пасля Імшы адбылася малітва на магіле айца Андрэя Ахрэма, які пахаваны побач са святыняй.
Айцец Андрэй Ахрэм нарадзіўся 9 сакавіка 1981 года ў Вілейцы ў сям’і Віктара і Людмілы Ахрэмаў. Быў ахрышчаны ў Праваслаўнай Царкве, паколькі шлюб яго бацькоў змешаны. Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі быў накіраваны на працу ў Віцебск, дзе прыняў рашэнне перайсці ў каталіцкую веру, што зрабіў 7 жніўня 2004 г. З таго часу актыўна ўдзельнічаў у жыцці мясцовай парафіі Святой Барбары як міністрант і член Легіёна Марыі, паглыбляў сваю веру праз катэхезу для дарослых. Адчуўшы жаданне глыбейшага духоўнага жыцця, вырашыў уступіць у манаскую супольнасць. У 2005 г. распачаў пастулат у Івянцы, затым працягваў фармацыю ў айцоў францішканаў у Лодзі (Польшча). Першыя шлюбы склаў 15 верасня 2007 г., вечныя шлюбы – 8 снежня 2011 г. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў 1 чэрвеня 2013 г. Служыў у парафіі Святога Міхала Арханёла ў Івянцы, у апошні час таксама атачаў пастырскай апекай парафію Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Камені (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія). Загінуў у аўтакатастрофе 4 лістапада 2013 г. Пахавальныя ўрачыстасці адбыліся 8 лістапада 2013 г. у касцёле святога Міхала Арханёла ў Івянцы.
(AG)
|