Аднаўленне евангельскіх абяцанняў адбылося ў Францішканскім Ордэне Свецкіх у Мінску |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
|
18.11.2014 12:18 |
17 лістапада, калі літургія Каталіцкага Касцёла ўспамінае св. Альжбету Венгерскую, апякунку ІІІ Ордэна св. Францішка, мінскую супольнасць Францішканскага Ордэна Свецкіх (ІІІ Ордэна) наведала Нацыянальная настаяцельніца ордэна с. Марыя Эталь OFS з Гродна.
Сустрэча ў мінскім касцёле Найсвяцейшай Тройцы на Залатой Горцы пачалася індывідуальнымі размовамі с. Марыі Эталь з тэрцыярыямі, кожны з якіх меў свой шлях у Ордэне св. Францішка, асабісты духоўны вопыт і жыў харызматам у розных, часам вельмі складаных, абставінах. Падчас індывідуальных размоў іншыя мелі магчымасць прыступіць да сакрамэнту пакаяння і памаліцца ў цішыні.
Падчас святой Імшы а. Андрэй Букштан OFM Cap, пробашч парафіі Св. Францішка ў Мінску, прыгадаў удзельнікам жыццё святой Альжбеты Венгерскай і актуальнасць яе прыкладу для нашых часоў.
Пасля Імшы с. Марыя Эталь прадставіла сабраным гісторыю адраджэння дзейнасці Ордэна ў Беларусі ў апошнія дзесяцігоддзі, а таксама падзялілася ўласным досведам і наблізіла слухачоў да сутнасці і актуальнасці свецкага францішканскага харызмату ў сучасным грамадстве.
На заканчэнне сустрэчы адбыўся абрад аднаўлення евангельскіх абяцанняў. Дзевяць свецкіх францішканаў, якія ўжо раней далі гэтыя абяцанні на ўсё жыццё — жыць Евангеллем паводле Правіла Францішканскага Ордэна Свецкіх — урачыста аднавілі абяцанні. Таксама ў гэты дзень да супольнасці далучыліся пяць новых кандытатаў.
Сустрэчы мінскай супольнасці Францішканскага Ордэна Свецкіх адбываюцца ў першы чацвер месяца (магчымы аднаразовыя змены дня сустрэчы) у касцёле Найсвяцейшай Тройцы на Залатой Горцы ў Мінску. У 15.00 адбываецца святая Імша, якой папярэднічае адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, таксама ёсць магчымасць прыступіць да сакрамэнту пакаяння. Пасля Імшы праходзіць сустрэча-размова, прысвечаная духоўнасці святога Францішка.
Бр. Яраслаў Крыловіч OFM Cap
|
Фотарэпартаж |