|
У Мінску адбылася фармацыйная сустрэча салезіянскіх аніматараў і кандыдатаў |
|
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
|
|
01.12.2014 14:15 |
|
29–30 лістапада ў мінскім араторыі св. Яна Боско адбылася фармацыйная сустрэча салезіянскіх аніматараў і кандыдатаў у аніматары. На сустрэчу прыбылі аніматары і кандыдаты з розных мясцін Беларусі.
Іх пакліканне — служыць найбольш патрабуючай моладзі, а галоўным
прыкладам такога служэння з’яўляецца Езус — Добры Пастыр. Таму сустрэча
пачалася разважаннем над Божым словам, падчас якога аніматары спрабавалі
ўбачыць служэнне Хрыста з любоўю. У рамках сустрэчы сабраныя ўдзельнічалі ў свяце «Андрэйкі», якое падрыхтавалі салезіяне супрацоўнікі і якое па традыцыі праводзіцца перад Адвэнтам. На прыкладзе гэтага мерапрыемства аніматары разам з прадстаўнікамі Салезіянскай сям’і вучыліся планаваць сваю працу і падводзіць яе вынікі.
Падчас сустрэчы быў прадстаўлены эскіз дэвізу на юбілейны 2015 год, калі будзе адзначацца 200-годдзе нараджэння св. Яна Боско: «Як кс. Боско, з моладдзю, для моладзі».
Важным момантам сустрэчы была «экскурсія па араторыі». Праходзячы звычайны шлях ад уваходных дзвярэй да пакояў, аніматары адказвалі на пытанне: на што звярнуць увагу менавіта ў гэтым месцы? Гэта дазволіла ім, з улікам асабістага вопыту, высветліць асноўныя моманты служэння ў араторыі.
Паводле www.sdb.by (AG) Фота www.sdb.by
|