Ва ўспамін св. Мікалая парафію ў Свіры наведаў біскуп Юрый Касабуцкі |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
07.12.2014 13:04 |
6 снежня парафіяльную супольнасць у Свіры (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Мядзельскі дэканат) наведаў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, які ўзначаліў урачыстую цэлебрацыю Эўхарыстыі ў гонар апекуна мясцовай парафіі святога біскупа Мікалая. У Божым слове, скіраваным да вернікаў, якія ў гэты святочны дзень у значнай колькасці напоўнілі вялікую свірскую святыню, іерарх нагадаў пра выключную дабрыню і любоў да бліжніх, якімі адзначаўся святы Мікалай і якія з першых стагоддзяў былі галоўнай адрознай рысай сапраўдных вызнаўцаў Хрыста.
Дзякуючы біскупу Юрыю Касабуцкаму за яго прысутнасць і ўдзел ва ўрачыстасці, вернікі пажадалі яму, каб прыклад святога біскупа Мікалая быў для яго крыніцаю дабрыні, спагады і адданага айцоўскага клопату пра даручаных ягонай пастырскай апецы вернікаў. Самыя малодшыя парафіяне атрымалі ў гэты дзень салодкі пачастунак і маленькія падарункі ад святога Мікалая. Фота с. Людвікі Суравікінай
|