Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Урачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў мінскай парафіі Св. Яна Хрысціцеля: гадавіна заснавання парафіі, першага араторыя і новыя кандыдаты ў аніматары
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
09.12.2014 16:42

8 снежня, yрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі — вельмі важны дзень для салезіянскай сям’і, бо менавіта 8 снежня св. Ян Боско распачаў працу першага араторыя. Гэта асаблівы дзень таксама для мінскай парафіі Св. Яна Хрысціцеля, якая 18 гадоў таму ў гэты дзень пачала існаваць дзякуючы першаму пробашчу кс. Ігару Лашуку SDB.

Сёння парафія складаецца са шматлікіх суполак, якія прымаюць актыўны ўдзел у жыцці Касцёла. У сёлетнюю ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі падчас вячэрняй Імшы адна з суполак парафіі папоўнілася: пяць маладых людзей выказалі жаданне служыць дзецям і моладзі ў якасці кандыдатаў у аніматары. Падчас складання абяцанняў будучыя аніматары вызнавалі, што жадаюць служыць на карысць моладзі, асабліва найбяднейшай.

Пасля Імшы вернікі накіраваліся да фігуры Маці Божай, якая знаходзіцца пры капліцы, каб спаліць лісты да Панны Марыі, якія можна было пісаць на працягу некалькіх тыдняў. У лістах можна было папрасіць заступніцтва, перапрасіць альбо падзякаваць Маці Божай за дары.

Свята працягнулася ў араторыі, дзе прадстаўнікі розных суполак парафіі павіншавалі новых кандыдатаў у аніматары з адказным і радасным крокам у іх жыцці.

Паводле www.sdb.by

(AG)

Фота www.sdb.by

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.