Біскуп Юрый Касабуцкі наведаў парафію ў Бабруйску ў парафіяльны адпуст |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
09.12.2014 21:33 |
8 снежня, ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі наведаў аднайменную парафію ў Бабруйску. У святочнай Імшы прынялі ўдзел пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава ў Магілёве кс. Юрый Быкаў, пробашч парафіі Божай Міласэрнасці ў Асіповічах а. Натанаэль Войтала OFM, пробашч парафіі Св. Юзафа ў Крупках кс. Віталій Маргуноў, а таксама законныя сёстры. Урачыстасць сабрала шматлікіх вернікаў і гасцей парафіі. У гаміліі біскуп Юрый Касабуцкі заклікаў вернікаў адрыць свае сэрцы Нябеснай Маці, каб яны напаўняліся любоўю і чысцінёй. Як адзначыў іерарх, Божая Маці з’яўляецца правадыром да Хрыста і «разам з Марыяй мы пераадолеем усе цяжкасці, смутак і нягоду». Біскуп заклікаў ніколі не адпускаць рукі Маці Божай. Напрыканцы Імшы біскуп Юрый Касабуцкі ўдзяліў усім прысутным пастырскае благаслаўленне і пажадаў вернікам, каб заступніцтва Беззаганнай Маці заўсёды спадарожнічала ім у жыццёвай дарозе. Святлана Шкадровіч |
Фотарэпартаж |