Аплатковая сустрэча ў Мінскім абласным шпіталі з біскупам Юрыем Касабуцкім: «Вы робіце дабро, якое не мінае» |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
19.12.2014 17:18 |
19 снежня адбылася аплатковая сустрэча дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрыя Касабуцкага з медперсаналам і хворымі ў Мінскім абласным клінічным шпіталі, што знаходзіцца ў пасёлку Лясны. У аўдыторыі тэрапеўтычнага корпуса, дзе традыцыйна адбываюцца такія сустрэчы, сабралася шмат медыцынскіх супрацоўнікаў, таксама прыйшлі і пацыенты. Ад імя ўсіх прысутных біскупа прывітаў намеснік галоўнага ўрача Валерый Усніч, адзначыўшы, што ва ўсе часы рэлігія і медыцына заўсёды ішлі побач, спрыяючы дабру чалавека. Потым са сваім словам звярнуўся біскуп Юрый Касабуцкі. «Добры дзень!» — былі першыя словы іерарха, якія суправаджаліся ўсмешкай. Біскуп перадаў прывітанне і віншаванне ад Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, які ў мінулыя гады наведваў шпіталь напярэдадні святаў Божага Нараджэння. «Свята Божага Нараджэння — дзень прыйсця Бога ў гэты свет, — сказаў біскуп Юрый Касабуцкі. — Бог заўсёды хацеў зрабіць чалавека шчаслівым, але без згоды самога чалавека гэта зрабіць немагчыма». Біскуп адзначыў, як важна людзям, як зярнятам у хлебе, таксама яднацца, быць адзінствам дзеля чынення дабра. «Быць адным цэлым, прабачаць адзін аднаму і не трымаць крыўды, якая часта можа разрастацца ў нас саміх і разбураць хваробай», — дадаў іерарх. «Памятайце, што, калі вы дапамагаеце людзям, то робіце дабро, якое не мінае. Заўсёды памятайце, што можаце звяртацца да Бога, як дзіця звяртаецца да маці і атрымлівае ад яе тое, што патрабуе. Тое, што дае вам Бог, як і тое, што вы даеце іншым людзям, таксама не мінае. Таму дарыце дабро нават у смутку», — заклікаў біскуп. Пасля благаслаўлення і супольнай малітвы прысутныя дзяліліся аплаткамі, а разам з гэтым усмешкамі і словамі з біскупам, а таксама адзін з адным. Некаторыя пацыенты панеслі аплаткі ў палатныя пакоі да тых, хто не змог прыйсці на сустрэчу. Да некаторых, хто не змог прысутнічаць на сустрэчы, біскуп Юрый Касабуцкі ў суправаджэнні ўрачоў завітаў у палаты з благаслаўленнем і пажаданнямі сустрэць святы ўжо не ў шпіталі, а дома. Аксана Ючкавіч |
Фотарэпартаж |